Забытую п’есу Якуба Коласа паставілі ў Гомелі
Крынiца: http://zviazda.by | 18 мая 2017 года
Аўтар: Ірына Асташкевіч
Фота: Уладзіміра СТУПІНСКАГА
Чарка ўсё на свеце робіць? Першапачаткова менавіта так (толькі без пытальніка) называўся варыянт драматургічнага твора, напісанага Якубам Коласам роўна стагоддзе таму.

Практычна забытую п’есу беларускага класіка малады гомельскі рэжысёр Андрэй Шыдлоўскі паставіў якраз напярэдадні XІІІ Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва «Славянскія тэатральныя сустрэчы». Так здарылася, што гэтай прэм’ерай для гледачоў і крытыкаў 16 мая пачаўся прагляд фестывальных спектакляў

У другім варыянце п’еса, напісаная роўна 100 гадоў таму, называлася па імені галоўнага героя — «Антось Лата». Аўтары пастаноўкі ў Гомельскім абласным драматычным тэатры вырашылі, што праблема існавання залежнасцяў актуальная настолькі, што яе можна абагульніць і назваць проста «Чума». Трэба сказаць, даволі смелы крок паспрабаваць мастацтвам Мельпамены супрацьстаяць усім тым спакусам, якія актыўна прапануе і нават навязвае сучасны свет.— Мы ўжо даўно бадзяемся не па тых дарогах, па якіх ходзяць добрыя людзі, — рэфрэнам гучыць са сцэны, на якой у гэты момант цёмна. І толькі прамень святла, які выхоплівае асобных герояў, дае спадзяванне, што ёсць дзесьці іншыя шляхі, тыя, дзе пазітыўна і крэатыўна.

Між тым, альтэрнатывы і агітпрапановы накшталт «Ідзіце іншай дарогай, таварышы!», у спектаклі няма. Што, напэўна, добра. Ёсць дастаткова сумныя разважанні галоўнага героя (Юрый Марціновіч), які апынуўся на самым дне жыцця і ніякі поўны месяц яму ўжо не ў дапамогу. Дарэчы, не асабліва шмат падстаў для радасці яму, Антосю, жыццё падарыла — у аўтарскай і рэжысёрскай інтэрпрэтацыях. Пра што і сведчыць вызначальны маналог небаракі. Сто гадоў таму ён, відаць, тлумачыў, чаму «жыць у грамадстве і быць ад яго свабодным нельга»:

— Вам смешна: Антось — камедыянт, пацяшае вас, і вы смеяцеся! Але ці бачылі вы, як Антось плакаў? Але ці чулі вы, як Антось праклінаў час, калі ён радзіўся на свет, долю сваю сабачую?.. Эх, свінячае жыццё! І каму карысць з мяне? Жыў я, жыў, лік гадам згубіў. Сыны паўміралі. А жонка?.. Ты б і дагэтуль жыла, мая сівая галубка, і мяне б пахавала. Але ці мала адабраў я твайго здароўя? Ці не ты гэта тулялася па завуголлі ў адной бялізне, як у маёй галаве бушаваў хмель?.. Сабака я, печаны гад, забойца!.. Я — адзін! Мне жудасна ў хаце маёй!.. Адна толькі ты са мной, атрута мая, ты — мая пагібельніца! (Трасе бутэлькай). Ты — згуба мая! З-за цябе калаціў я сям’ю маю, з-за цябе, паганая! Не, не хопіць сілы разбіць цябе. Чорт мяне павянчаў з табой!

Антосю сорамна. У Антося, недзе пад бруднай вопрадкай і зарослым шчаціннем тварам, прапітым голасам, сумленне шэпча пакаянныя словы. І гучаць яны як заклік аб… любові. Нават да старой кабеты Леі (Ала Леная) — «вялікакруцельніцы», уладальніцы шынка, якая сям’ю ўтрымлівае за кошт падпольнага продажу алкагольных напояў сацыяльна небяспечнаму кантынгенту насельніцтва.

Так, любові жадаюць нават тыя, хто сам страціў спадзяванні хоць бы на літасць: «Каму я патрэбны?! А патрэбен, — то той і сам прыйдзе да мяне, калі я яму патрэбен буду. Душа мая баліць, косці скрыпяць і кішкі бурчаць; трэба зрабіць папаску — ногі не служаць. Садзіся, кампанія мая, чуць не родная. Захапіў з сабою жывучай і гаючай вады. Во яна!.. Баліць у мяне ўсё, душа ные! Нейкі злы дух залез і не дае мне спакою! О, Божа літасцівы! Дакуль будзе пакута мая?»

Не дзіўна, што пры такіх драматычных, з надрывам, пошуках сэнсу жыцця там, дзе ён загублены на корані, павінны з’явіцца і з’яўляюцца… здані (Віталія Цішкова, Аляксандра Бычкова, Марыя Хадзякова). Асобныя сучасныя грамадзяне іх сістэматычна бачаць у выглядзе вавёрачак, конікаў ці нейкіх іншых звяркоў. Але ж у пачатку мінулага стагоддзя бестыярый любімых беларусамі пачвар быў крыху іншым, таму ўвагу гледача на сцэне займаюць спакуслівыя дзяўчаты з празрыстымі ёмістасцямі ў вытанчаных руках.

Для тых, хто выпадкова не чуў пра нашых айчынных міфічных істот. Здані — тыя ж прывіды. І шукаюць яны ў свядомасці і падсвядомасці ахвяр адтуліны, праз якія прасочваюцца непрыкметна і навязваюць ім сваю мудрагелістую левую ідэалогію. Дарэчы, з Антосем і старацца асабліва не трэба. Тут абыходзіцца без шматхадовак, якія, напрыклад, ужывалі пры спакушэнні асобных прадстаўнікоў роду чалавечага Баламут з Гнусікам у Клайва Льюіса. Ды і Антось Лата ў Якуба Коласа селянін просты і заўсёды гатовы да непасрэднага супрацоўніцтва з нячыстай сілай. Тым больш у той аргументы жалезныя:

— Хіба забыўся, да каго прыхіліўся ты, калі табе было горка на душы? Помніш — быў пажар? Усё пагарэла, сам выскачыў з хаты, у чым стаяў, чуць жывымі былі выхвачаны дзеці, не было за што рук зацяць, і ты хадзіў пануры, як бы на табе зямля ляжала. А людзі вакруг былі так чэрствы на тваё гора, так чэрствы і табе не мілы, і не рад быў ты жыццю. А хто ўсцешыў цябе? Хто адагрэў тваё сэрца? Цвярозым ты месца не знаходзіў сабе, а выпіў — ты стаў другім чалавекам, і свет адмяніўся, і гора тваё паказалася жартамі.

Сумна ўсё заканчваецца ў п’есе, ні намёку на хэпі-энд. Не зграшылі аптымізмам супраць аўтарскай задумкі і стваральнікі спектакля. Школьнікі, якія прывыклі, што іх забаўляюць і шкадуюць, ціхія выходзяць з залы. Нават са слязамі на вачах. І толькі злавесны цень чорнага сабакі ці то ваўка з чорнага закулісся цяпер будзе пераследаваць іх у трывожных снах. Пакуль не прачытаюць пазапраграмнага «Фаўста» і не разбяруцца са сваімі асабістымі зданямі.

А можа — хуценька пачнуць ціскаць тачпады сваіх наварочаных смарт-ай-фонаў, каб хутчэй выйсці
на спатканне з чорнымі істотамі ў іншым віртуальным вымярэнні. Дзе з ціхага дома ў 4.20 выкідаюцца на бераг кіты. Гэта для тых, хто ў тэме. Хэштэгі розныя, сутнасць — адна. Менавіта такія асацыяцыі нарадзіліся пад уплывам блакітна-сіняй, сыходзячай у цемру сцэнаграфіі ад Таццяны Стысінай.

Дарэчы, дарослыя таксама застаюцца ў здагадках: гэта што ж, Колас сто гадоў таму звяртаўся да ўсіх тых, хто і сёння ўпарта шукае адказы на адвечныя пытанні: «Навошта нам усё гэта дадзена? Навошта выпрабаванні лёсу? Навошта нараджэнне, якое абяцае смерць?..»

— Нельга аб праблемах залежнасцяў казаць на бытавым узроўні, — лічыць рэжысёр Андрэй Шыдлоўскі. — Мы шукалі мяжу з фантастыкай. Быццам усё лёгка і весела, але наступствы — страшныя. Я не хацеў, каб была прывязка да канкрэтнага часу. Важна, каб людзі ў героях спектакля пабачылі сябе ці сваіх блізкіх — і жахнуліся. Менавіта для гэтага мы выкарыстоўвалі мелодыі гурта сярэднявечнай беларускай музыкі «Стары Ольса» і відэарад сацыяльнай рэкламы пра шкоду алкаголю. А трагічная тлустая кропка — яна патрэбна, каб усвядоміць усю сапраўдную небяспеку сучасных спакус..

1
ПЕРЕЙТИ К ДРУГИМ СТАТЬЯМ

 

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *