Рэквіем па “Драконе”
Источник: http://kimpress.by | 30 августа 2017 года
Автор: Надзея Бунцэвiч
У Гомельскім абласным драматычным тэатры пад закрыццё сезона паставілі спектакль “Дракон” па матывах аднайменнай п’есы Яўгена Шварца. Вынік? Як у шахматах: “матывы” пачынаюць і… выйграюць, ствараючы азначаны пастаноўшчыкамі жанр “рэквіем па мары”.
Рэжысёрам запрасілі маладога Алега Малітвіна з Санкт-Пецярбурга, які ў мінулым сезоне ажыццявіў тут сучасную версію “Рамэа і Джульеты”. У новым спектаклі ён выкарыстаў той жа падыход — максімальнае скарачэнне драматургічнага матэрыялу, захаванне толькі асноўнай лініі без дадатковых разгалінаванняў. І цалкам пераасэнсаваў фінал. Калі трагедыі Шэкспіра ён дадаў падабенства да хэпі-энда, дык шматкроп’ю Шварца — аналогіі з расійскай “чарнухай” 1990-х.

Галоўным пераемцам Дракона, паводле цяперашняй версіі, становяцца не Бургамістр, не скалечаныя душы гараджан, дзе дракон — унутры кожнага, а… Ланцалот (Андрэй Шыдлоўскі). Рэжысёр ухапіўся за яго фразы: “я не той, што год таму”, “я не той, што быў раней”. І зрабіў з рыцара сапраўднага тырана, які, ледзь ачуняўшы ад ранаў, пачынае адпраўляць людзей за краты і на смерць. Побач з ім Дракон (Сяргей Лагуценка) — анёл, дый толькі. Гэткі “свойскі дзядзька” — бяскрыўдны, усмешлівы, усхваляваны. Немагчыма забыцца, як кранальна-шчымліва дрыжаць у яго руцэ акуляры, падобныя да пенснэ, калі вельмі “правільны”, упарты ў сваёй безапеляцыйнасці Ланцалот выклікае яго на бой.

Нягледзячы на выкатванне ў адной са сцэн цялежкі з супермаркета, спектакль скіраваны не да сучаснасці, а да гістарычных падзей пачатку ХХ стагоддзя. І ўспрымаецца асэнсаваннем Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года — акурат да яе стагоддзя, што будзе адзначацца сёлета.

Дракон становіцца ўвасабленнем расійскага самадзяржаўя. Пазбаўляючыся лічбаў, якімі пярэсціць тэкст п’есы, рэжысёр невыпадкова захоўвае такую, на яго погляд, важную, як 400 гадоў кіравання. Няцяжка зразумець, што атрымліваецца эпоха Івана Жахлівага — час, калі і фармуюцца, на думку гісторыкаў, асновы таталітарызму. За гады, што мінулі з яго праўлення, “драконава” самадзяржаўе стала больш “сентыментальным”, набыло рысы добрай выхаванасці, інтэлігентнасці. Праўленне Бургамістра, адпаведна, адлюстроўвае першыя паслярэвалюцыйныя гады, час нэпа. А “рэвалюцыянер” Ланцалот і яго папярэднікі (сацыял-дэмакраты як першыя тэрарысты) становяцца праекцыяй на Сталіна і прадстаўнікоў НКУС. Архіварыус (Юрый Марціновіч) сімвалізуе гісторыю як стос сухіх фактаў. Эльза (Ірына Кубліцкая, у ігры якой няма ні драбінкі фальшу) — культуру: усе хочуць узяць з ёй шлюб, ды ніхто не збіраецца дбаць пра яе ўласныя патрэбы. Затое ўвесь час акцэнтуюцца ідэі яе “служэння”, ахвярнасці дзеля вялікіх мэтаў.
Спектакль укладаецца ў паўтары гадзіны без антракту, але падзяляецца на дзве нераўнацэнныя часткі. У пачатку заяўлена су-
часная эстэтыка, блізкая дакументальнаму тэатру. На фоне белай сця-
ны з квадратных блокаў, якая замяняе сабой суперзавесу, па чарзе з’яўляюцца асноўныя персанажы: Бургамістр са сваім сынам Генрыхам, Архіварыус з дачкой Эльзай, Кот, Ланцалот, Дракон. Кожны падыходзіць да стойкі з мікрафонам і сцісла распавядае пра сябе.

Такі ж аб’ектыўна-адхілены тон, скіраваны да халоднага, цвярозага розуму, а не напалу шалёных эмоцый, захоўваецца яшчэ некаторы час. Нават вальс Ланцалота і Эльзы вырашаны не як рамантызаваны палёт, а як удумлівае партнёрскае спасціжэнне: героі трымаюць адно аднаго за шыі, скіраваўшы позірк “вочы ў вочы” (харэограф — Аксана Ражкова). Гэта вымушае гледача прыняць прапанаваныя яму ўмовы і “ўключыць” пульсаванне думак. Але пасля бою з Драконам паранены Ланцалот пачынае так пакутаваць ды катацца па падлозе, што ў памяці ўсплываюць сцэны з расійскіх баявікоў незразумелай якасці. Ці, можа, нам дэманструюць фізічнае пераўвасабленне героя ў звера? Калі ж пачынаюцца чарговыя спевы-“зонгі” на фоне зноў узрослай сцяны (за ёй у гэты час хуценька змяняюць сцэнаграфію), спектакль канчаткова рушыць кудысьці “не туды”. Рэзка зніжаецца яго тэмпарытм, а натуральнага, выпеставанага сінтэзу мастацтваў і жанраў не адбываецца. Узнікаюць хіба асобныя кінутыя, “недакручаныя” ідэі.

Тое, што ролі Турэмшчыка (Таццяна Кандраценка) і асабліва Бургамістра (Ала Леная) перапрафіляваны ў жаночыя (ну, не хапае ў тэатры мужчын!), успрымаецца не фемінісцкім ухілам, а тэатрам абсурду. Асабліва ў сцэне вяселля Бургамістра з Эльзай (не думаю, што гэты фрагмент задумваўся як моднае сёння выкрыванне аднаполых шлюбаў). Але замест адпаведнай сюр-эстэтыкі ўзнікае звыклая клаўнада камедый становішчаў. Артыстаў можна зразумець: на чым яны спецыялізуюцца апошнім часам, тое і выскоквае, бы вушы ў мульцяшнага трусіка. Пэўна, элементарна не хапіла рэпетыцый: спектакль здаваўся ў сціслыя тэрміны. Да канца стыльнай застаецца адно сцэнаграфія Вольгі Гарачавай з Санкт-Пецярбурга, чымсьці звязаная з оперна-аратарыяльнымі дзеямі: прыступкі з рознаўзроўневымі пляцоўкамі быццам так і прызначаны для змяшчэння хору. Але ж выкарыстанне відэапраекцыі з азначэннямі “Дзень першы”, “Дзень другі” і да таго падобнымі, магчыма, можна было б і пашырыць, бо на экран часам так і просяцца некаторыя цытаты.

Увосень, калі ўсё атрымаецца, спектакль паедзе ў Чарнігаў на тамтэйшыя “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. А тэатр, між тым, рыхтуе чарговую прэм’еру: на 29 і 30 ліпеня запланавана “Жаночае шчасце” паводле вядомай п’есы Людмілы Уліцкай “Мой унук Веніямін” у пастаноўцы Міхаіла Мамедава з Расіі.

1
ПЕРЕЙТИ К ДРУГИМ СТАТЬЯМ

 

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *