Тэатральны Гомель. Ад класікі да цікавых знаходак
Источник: Газета «На страже» | 27 октября 2017 года
Автор: Алена Казакова
 Чым знамянальныя гэты сезон у агульным і наступны месяц у прыватнасці для Гомельскага абласнога драматычнага тэатра? Пра гэта распавёў загадчык літаратурна-драматычнай часткі Уладзімір Ступінскі.

— У верасні мы адзначылі адразу два дні нараджэння: 88-годдзе заслужанага артыста БССР Фёдара Мікалаевіча Іванова і 50-годдзе вядучага артыста Юрыя Марціновіча. Віншаванні імяніннікаў, падрыхтаваныя маладымі калегамі, атрымаліся кранальнымі і вясёлымі, — адзначыў Уладзімір Анатольевіч. — Што датычыцца гастролей, то нядаўна наша трупа брала ўдзел у XIII міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы»ў Чарнігаве (таксама цэнтрамі фестываля з’яўляюцца Гомель і Бранск). Прэзентавалі «Дракона» па Яўгену Шварцу ў пастаноўцы таленавітага піцерскага рэжысёра Алега Малітвіна. Праз некалькі дзён артысты выйдуць на пляцоўку II міжнароднага фестываля «Маскерадъ» у Пензе і прадставяць «Каханне і галубы» па п’есе Уладзіміра Гуркіна. Дарэчы, рэжысёрам спектакля выступіў Сяргей Кавальчык (мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. — Аўт.).

23 снежня чакаецца шоў на льдзе Ільі Авербуха «Новыя брэменскія музыкі» з удзелам зорак фігурнага катання, вялікай колькасцю спецэфектаў і інсталяцый. Напярэдадні Новага года прапануем цікавае прадстаўленне для дзяцей і мы. Сёлета гэта будзе прэм’ера казкі «Лятучы карабель» у пастаноўцы маладога рэжысёра Андрэя Шыдлоўскага, музычнае афармленне якой нагадае вядомы мульфільм. У дні паказаў перад спектаклем госці тэатра змогуць паўдзельнічыць і ў маштабнай забаўляльнай праграме: карагоды вакол ёлкі з казачнымі персанажамі, гульні ў цікавых сектарах з фотазонамі, разлічаных на розныя ўзросты, і іншае.

Прэм’еру для дарослых — спектакль па п’есе Людмілы Разумоўскай «Ваша сястра і нявольніца» — рыхтуем на пачатак 2018 года. Ставіць будзе адзін з самых цiкавых беларускіх рэжысёраў, на маю думку, гамяльчанін Якаў Натапаў.Ужо вядуцца перамовы. Састаў акцёраў яшчэ не зацверджаны канчаткова, але вядома, што адну з галоўных роляў сыграе народная артыстка Беларусі Людміла Корхава. Мяркую, атрымаецца відовішчная, багата аформленая і густанаселеная гістарычная пастаноўка, якая пряцягне ўвагу як

людзей старэйшага ўзросту, так і моладзі. Акрамя таго, ёсць дагаворанасці папрацаваць з вышэйназваным Сяргеем Кавальчыкам і дырэктарам, мастацкім кіраўніком Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Уладзімірам Савіцкім.

Калі казаць пра выбітныя падзі ў бліжэйшы час, то хачу звярнуць ўвагу на 2 лістапада. Сучасны тэатр антрэпрызы з Масквы прадставіць «Мізэры» па Стывену Кінгу ў пастаноўцы Ніны Арлоўскай. У ролях — Яўгенія Дабравольская і Данііл Співакоўскі. Білетаў амаль не засталося, чакаем перааншлаг. Цеснае супрацоўніцтва з гарадскімі аркестрамі выліваецца ў трэці па ліку форум класічнай музыкі. Аматараў гэтага віду мастацтва і іх блізкіх парадуюць «Опера ў піжаме. Новая гісторыя любімых герояў» (8.11), «Вечар віртуозаў» (15.11) і «Аперэту ў студыю!» (22.11).

Далей ў афішы на лістапад значацца нашы спектаклі. Адкрыем месяц «Незамужняй жанчынай» (3.11, 24.11), якая карыстаецца, напэўна, самай вялікай папулярнасцю ў апошнія гады. Сямейная камедыя заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Міхаіла Мамедава па драматургіі Барыса Рацера і Уладзіміра Канстанцінава звычайна цікавіць больш сталую публіку, пераважна жанчын. Магчыма, таму, што дае надзею: сваю палавінку можна сустрэць у любым узросце. Міхаіл Гашымавіч паставіў у нас і «Жаночае шчасце» (10.11, 19.11, 29.11) па п’есе Людмілы Уліцкай «Мой унук Веніамін». І зноў жа тэма сямейных узаемаадносін. Нароўні з масцітымі Таццянай Зміцюрай і Таццянай Ганчаровай упэўнена паказваюць сябе і маладыя артысты — Махаіл Грышачкін, Аляксандра Бычкова і Дзмітрый Байкоў. Таксама для сямейнага прагляду прапаную «Каханне і галубы» (12.11) Сяргея Кавальчыка. Мяркую, усе ведаюць гэту гісторыю па аднайменным фільме, так што пераказ не патрэбны. А спектакль атрымаўся годны, трэба паглядзець.

Пойдзем па лірыцы. Перш за ўсё назаву камедыю «Дзякуй, Марго!» (5.11) на твор расійскага аўтара Валерыя Мухар’ямава. На прыкладзе чатырох герояў рэжысёр Андрэй Гузій прапануе паназіраць, як часам выпадкова і нечакана, дзіўным і смешным чынаму жыцці з’яўляецца і застаецца любімы чалавек. Другая камерная пастаноўка Андрэя Эдуардавіча — «Там жа, тады ж…» (7.11, 18.11) па п’есе Бернарда Слэйда. Жанр пазначаны як любоўнае падарожжа ў часе. У пастаноўцы працуюць нашы вядучыя артысты Юрый Марціновіч і Святлана Яфімава. У аснове сюжэта — раман жанатага мужчыны і замужняй жанчыны, якія сустракаюцца адзін раз на год. У тым жа месцы, у той жа час. За дзве гадзіны гледачы бачаць адрэзак часу больш за 20 гадоў. І героі ўжо не столькі палюбоўнікі, колькі проста блізкія людзі, якія падтрымліваюць адзін аднаго, нават дапамагаюць захаваць сем’i. Цікава назіраць, як мяняюцца персанажы, іх светапогляды.

Чакаецца і нядаўняя прэм’ера «Дама і гусары» (11.11, 25.11) заслужанага артыста Расіі рэжысёра Валянціна Варэцкага па п’есе польскага аўтара Аляксандра Фрэдры. Гэта музычная касцюміраваная камедыя пра тое, як гусары напалеонаўскіх часоў

пасля кровапралітных баёў вырашаюць адпачыць у маёнтку аднаго з іх без жанчын, а ў выніку трапляюць у сеткі стрыечных сясцёр гаспадара. Эх, нялёгка прыйшлося доблесным афіцэрам! Раю звярнуць увагу на гэту пастаноўку таму, што ў ёй — жывое выкананне. Высветлілася, што нашы акцёры добра спяваюць!

У гэтым месяцы анансавана яшчэ адна пастаноўка Варэцкага -«За двума зайцамі» (26.11) па Міхаілу Старыцкаму. Наша трупа вельмі добра ставіцца да Валянціна Сяргеевіча, да таго, што ён робіць, таму пакорліва пайшла за ім. Атрымалася добрая камедыя з удзелам згаданых Святланы Яфімавай, Юрыя Марціновіча, а таксама Сяргея Лагуценкі і іншых таленавiтых акцёраў, на якой можна адпачыць пасля працоўнага дня.

Моладзі, старэйшым школьнікам прапаную спектакль «Ці спяваюць эльфы?» (4.11) па творы расійскага аўтара Яраславы Пуліновіч «Як я стаў…». Героі ў ім — тыповыя прадстаўнікі маладога пакалення, якія яшчэ толькі робяць першыя крокі ў жыцці, спазнаюць моцныя пачуцці, але не заўсёды разумеюць, што адбываецца. Гісторыя цікавая тым, што галоўны персанаж спачатку пераўтвараецца са станоўчага героя ў адмоўнага, а потым наадварот. Ці знойдзе ён правільны выхад з любоўнага трохкутніка?

Таксама гэтай катэгорыі гледачоў павінен спадабацца «Дракон» (23.11), пра якога ўжо ішла гаворка. Лаканічная сучасная сцэнаграфія, жывое выкананне кампазіцый канадскай спявачкі Мішэль Гурэвіч і востра-псіхалагічная гісторыя з глыбокімі разважаннямі рэжысёра. Яны пра тое, што перад пачаткам барацьбы, рэвалюцыі трэба задумацца, ці не прыйдзе на месца гэтага дракона яшчэ большая пачвара. У аднаактовым спектаклі — рэквіеме па мары няма эзопавай мовы і шварцаўскага гумару, усё гаворыцца прама. Жорстка і пранізліва. Гомельскія гледачы вылучаюць «Дракона» за нязвыклыя прыёмы — кліпавыя моманты, элементы дакументальнай драмы. Дарэчы, Алег Малітвін разам з піцерскай мастачкай Вольгай Гарачавай працаваў і над нашым спектаклем «Рамэа і Джульета», але ён не ідзе ў лістападзе.

Прыхільнікаў больш традыцыйных формаў, аматараў класікі запрашаем на трагіфарс у дзвюх дзеях «Чароўны сон» (9.11) па «Дзядзькаваму сну» Фёдара Дастаеўскага з удзелам народнай артысткі Беларусі Людмілы Корхавай і заслужанага артыста Беларусі Юрыя Фейгіна. Гэта бенефісная роля Юрыя Міхайлавіча — яго першае з’яўленне на сцэне заўсёды сустракаецца авацыямі. Рэжысёр пастаноўкі — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Лідзія Манакова.

Лістапад завершыць касавая камедыя «Маю жонку завуць Марыс» (30.11). Падчас прагляду можна будзе пасмяяцца з таго, як мужчына выкручваецца з розных няёмкіх сітуацый. Ён нават вымушаны пераапрануцца ў жанчыну! У гэтай камедыі палажэнняў няма пошласці, але сітуацыі смешныя, нечаканыя, так што наведаць яе можна ўсёй сям’ёй.

Ну і нарэшце рэкамендацыі для маленькіх гледачоў. Сёлета толькі дзве прапановы — «Пунсовенькая кветачка» (4.11) па матывах казкі Сяргея Аксакава і «Востраў скарбаў» (5.11). Абодва спектаклі карыстаюцца заслужаным прызнаннем нашых юных гледачоў. Але калі ў першым мы ні на крок не адышлі ад вядомай класічнай дзіцячай гісторыі, то ў другім тэатр некалькі вольна абышоўся з любiмым многімі з дзяцінства раманам Роберта Льюіса Сцівенсана. Што з гэтага атрымалася? Прыходзьце і даведаецеся!

1
ПЕРЕЙТИ К ДРУГИМ СТАТЬЯМ

 

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *