Люстэркавасць — не сінонім сіметрыі

Источник: kimpress.by | 16 июля 2018 года
Автор: Надежда Бунцевич
Гомель. Гогаль. Дзівакоў

Імя Юрыя Дзівакова ўжо стала культавым — нягледзячы на яго маладосць. Нядаўняя прэм’ера спектакля “Гогаль. Fatum”, ажыццёўленая разам з мастаком Таццянай Дзіваковай і кампазітарам Эрыкам Арловым-Шымкусам у Гомельскім абласным драматычным тэатры, у чарговы раз даказвае таленавітасць гэтага беларускага пастаноўшчыка і яго каманды. І сведчыць пра станоўчыя эстэтычныя змены ў самім тэатры, здатныя прыцягнуць туды новую публіку.
У той час, калі ледзь не ўсе тэатры жаляцца, што моладзь забывае да іх дарогу, на гомельскім “Гогалі” людзей маладых было многа. Цягам спектакля яны жыва рэагавалі на ўсе яго неспадзяванкі, а пасля зладзілі працяглыя авацыі. Вядома, апладзіравалі не ўсе. Дама побач са мной, якая ўсё дзеянне прасядзела ў вятроўцы (гардэроб улетку не працуе, але ж у зале тэмпература была камфортнай), абуралася: як можна паказваць “такое” на высокай сцэне, у храме мастацтва — хіба што дзесьці на вуліцы. Праўда, якое “такое”, нешта не патлумачыла.

А тэатр, вырашыўшы замацаваць маладзёжную аўдыторыю, паставіў ліпеньскія паказы не толькі на звыклы час, але і на… 23 гадзіны, прычым “у пятніцу 13-га”. Цудоўны маркетынгавы ход! Не менш удалымі ўяўляюцца і выявы на афішах і праграмках: два ружовыя фламінга ў позе “лебедзяў у пацалунку” з шыямі, выгнутымі сардэчкам. Чым не фігуркі на вясельны каравай! І гэта — у дачыненні да гогалеўскага “Шыняля”? Парадокс інтрыгуе. А спалучэнне вясельнай атрыбутыкі (маўляў, зроблена з любоўю) са словам Fatum, прычым наўмысна лацінскімі літарамі, становіцца яшчэ адной “прынадай” для моладзі.

Жанр спектакля азначаны як “летаргія”. Насамрэч, гэта не столькі драматычны ці нават пластычны спектакль у іх класічным сэнсе, колькі цыкл асобных, але звязаных агульнымі дзейнымі асобамі яркіх перформансаў — аўтарскіх рэфлексій на тэму жыцця-творчасці Гогаля і не толькі. Тут можна знайсці дзвюх Панначак адразу, лётанне варэнікаў, казацкі дух, рэаліі жыцця дробнага чыноўніка — з адсылкай на сучасны “офісны планктон”.

Сюжэтныя абрысы “Шыняля” становяцца хіба адпраўным пунктам далейшага падарожжа, адкрываючы роздум пра творчасць любога мастака ў суплёце з ягоным жыццём — жыццём “маленькага чалавека”. Бо кожны творца побач з фатумам і ўсімі, хто імкнецца ім кіраваць, — усё той жа “маленькі чалавек” (ах, колькі тут дзівакоўскага, аўтабіяграфічнага).

Гэтай усеабдымнай філасофскай тэмай, глыбокімі асацыятыўнымі ды інтэртэкстуальнымі спасылкамі спектакль узрастае да сапраўднай тэатральнай сімфоніі, уяўляючы з сябе яшчэ і глыбокае літаратуразнаўчае даследаванне на заяўленую тэму. Прычым яго сцэны могуць існаваць і паасобку, як завершаныя па думцы нумары.

Скрозь усё тэатральнае дзеянне, пачынаючы з “птушынага дуэта” на афішах, праходзіць ідэя люстэркавага адбітку. Героі (Юрый Зайцаў і Андрэй Шыдлоўскі), гераіні (Аляксандра Бычкова і Лізавета Альхоўка), блазны (Дзяніс Сыч і Яўген Пералыгін) падзяляюцца на № 1 і № 2, на “вышэй” і “ніжэй”. Жанчына ў ружовым (Наталля Задорына), на першы погляд, не мае “двайніка”, але ім аказваецца цацачны ружовы фламінга. Дый сама гераіня з усёй замілаванасцю сваёй усмешкі і мяккім поступам паўстае ўвасабленнем то “ружовай мары”, то няўмольнага року, што націскае ды націскае на цынгель (а героі ўсё гінуць ды гінуць — штораз па-рознаму, не паўтараючыся).

І раптам становіцца зразумела, што тая люстэркавасць — зусім не сінонім сіметрыі. Што дзеянне на сцэне — адлюстраванне нас, бо творчасць Гогаля, з яе фантасмагорыяй, містыкай, трагедыямі, гумарам — адбітак сучаснасці.

Шчодра выкарыстоўваючы ўласцівы сваёй рэжысуры сінтэз тэатра лялек і цырка, Дзівакоў зрабіў гэткі “агляд жыцця і творчасці” ў стылістыцы самога Гогаля (калі б класік жыў цяпер). І нарэшце дасягнуў у гэтым спектаклі таго, чаго не хапала яго ранейшым працам. А менавіта — поўнай гармоніі зместу і формы: форма становіцца зместам, а змест выяўляецца праз найбольш прыдатную для яго форму. На гэта працуе ўсё — ажно да музычных цытат, геаграфічна звязаных з жыццём класіка.

Fatum-лёс становіцца гісторыка-філасофскай катэгорыяй. Гогаль-Дзівакоў — мастацка-эстэтычнай. Горад Гомель — найноўша-тэатральнай, бо мае ажно чатыры дзівакоўскія спектаклі: “Fable (басня)”, “Пліх і Плюх” у “ляльках”, Oedipus у Маладзёжным і “Гогаль. Fatum” — у драматычным.

1
ПОЛНАЯ ВЕРСИЯ СТАТЬИ

1

ПЕРЕЙТИ К ДРУГИМ СТАТЬЯМ