РЫТУАЛЫ ІЛЮЗІІ

27 августа 2018 года

«ГОГАЛЬ. FATUM.» ПАВОДЛЕ МІКАЛАЯ ГОГАЛЯ У ГОМЕЛЬСКІМ АБЛАСНЫМ ДРАМАТЫЧНЫМ ТЭАТРЫ

Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі («Мастацтва» (№8-2018))

Пра гэты спектакль, вельмі блізкі да перфарматыўнага мастацтва, гомельскія афішы сведчаць як пра «…заснаваны на матывах аповесці «Шынель»». Але — адметны выпадак! — літаратурна-сцэнічнае аўтарства варта пакінуць за рэжысёрам Юркам Дзіваковым-Душэўскім. Цалкам. Ён пачаў з бязгучнага маналогу Ружовай Дамы-Фатуму і прапанаваў кампазіцыю з асацыяцый, ілюзій, гульняў падсвядомасці, злучаных з асабістым лесам і творамі Гогаля. Пастановачны жанр Юрка Дзівакоў вызначыў як «летаргію» (са старажытнагрэчаскага — бяздзейнасць) — адначасова сацыяльны стан сучаснага грамадства і фобію Гогаля перад летаргічным сном, медыцынскім міфам XIX стагоддзя.

Гульня слоў, прапанаваная Дзіваковым, відавочная: «летаргія» і «літургія» — набажэнства, папярэднік таемства. Эпіграф да — спектакля (ён прадбачліва надрукаваны таксама і ў праграмцы), узяты з Роберта Вальзэра, — «Ваша міласць, прашу больш не верыць у мяне…», — трэба чытаць як культурную дэкананізацыю Гогаля і выкрыццё рытуалаў нашага сучаснага жыцця — смерці, сэксу, хваробы, улады, гвалту, уладання. Метафарычная пастаноўка, створаная рэжысёрам у суаўтарстве з мастачкай Таняй Дзіваковай, з’яўляецца адмысловага роду «візуальнай паззіяй» (як шмат яе ў прозе Гогаля — прыкладам,улірычных адступленнях «Мёртвых душ»!). У гэтым рэдкім для Гомельскага драмтэатра шчырым сцэнічным выказванні выразна пазнаюцца і хрэстаматыйнае «Русь, куды ж ляціш ты? Дай адказ…», і сучасная хлестакоўшчына…

Наталля Задорына (Ружовая Дама-Фатум)

Кабета ў ружовым (Наталля Задорына) увасабляе лёс і энергію жаночага пачатку. Яе вобраз зменлівы і зманлівы, бо за знешнасцю элегантнай спадарыні сталага веку паўстае то містычны жах, то запал какетлівага дзявочага хуліганства. Уявіце, як старанна чзша яна валасы гіпсаваму бюсту Леніна і падкрэслена ўдае выкананне пад фанаграму арыі Лаўрэты «О, мой любы тата…» з оперы «Джані Скікі» Джакама Пучыні. Як усмешліва, бязлітасна і шматкроць забівае — то кухонным нажом заколвае франтаў з кубічнымі тэлевізійнымі галовамі, пакуль тыя ўтрапёна кідаюцца галушкамі (такая вось «Ноч на Каляды»!), то са спартовага судзейскага пісталета пацэльвае ў персанажаў, што па чарзе прэтэндуюць на парадную труну (відавочныя адсыланні да «Вія»). Сцэна, якая разыгрываецца пад выявай Святога Себасцьяна, вылучае двух грацыёзных, драматычных япі — маладых службоўцаў, што па-свойму здзекуюцца з Акакія Башмачкіна альбо ўдвух з’яўляюцца ўвасабленнем вобраза славутага Хлестакова (Юрый Зайцаў і Андрэй Шыдлоўскі). Вабныя маладыя мужчыны змушана ладзяць адмысловыя эстафетныя спаборніцтвы, гэткія офісныя гульні на выжыванне, не пазбаўленыя гомаэратычнага падтэксту. А не менш вабныя жалобныя панны (Аляксандра Бычкова і Лізавета Альхоўка) рытмічна суправаджаюць мітуслівае сноўданне, выкрыкваючы лацінскія назвы… хвароб. Рэжысёр жорстка іранізуе з так званай моды на паспяховасць, з кар’ерызму, карпаратыўнай этыкі.

З’яўленне над сцэнай выявы Божага ягняці ўяўляецца метафарай ганарыстасці і нетрывалага прызнання: дзяўчына трымае ля твару лінзу, якая надае ёй падабенства з сярэднявечнымі малюнкамі свяцілаў, а Клоўны, альбо блазны дэль-артэ (Дзяніс Сыч і Яўген Пералыгін, дарэчы, непрафесійныя выканаўцы з абсалютным «сцэнічным слыхам», што не раз з’явяцца, прыкладам, у вобразах цыркавых кілімных або ўсмешлівых маньякаў у пошуках ахвяры), абсыпаюць яе ружамі. Але варта паненцы спатыкнуцца, як яе закручваюць у дыван, рыхтуючы ахвярапрынашэнне. А наступ спадара з ружовым фламінга (у руках Юрыя Зайцава — вялікая мяккая лялька, якая, між іншым, зрабілася візуальнай эмблемай пастаноўкі), акрамя іншаказу паводле дзядулі Фрэйда, мае адзнаку жыццёвай і творчай энергіі, смерці і адраджэння, сну і абуджэння…

Андрэй Шыдлоўскі, Юрый Зайцаў

Сцэна са спектакля

У спектаклі натуральна ўзнікаюць дзве народныя песні — украінская «Ой на гары й жнейкі жнуць» І руская «У полі бярозка стаяла». Першая суправаджае садамазахісцкі мужчынскі эпізод са сцябаннем і выклікае алюзію на «Тараса Бульбу», другая асацыюецца з «Мёртвымі душамі» — белая пасцеля ў цэнтры сцэны, заліхвацкія, падобныя да «новых рускіх» героі ў норкавых футрах (свайго роду шынель Башмачкіна), анекдатычны «конь у палітоне», які перакідаецца рускім сфінксам — кабетай з галавой загнанага каня. Сталы суаўтар Дзівакова, кампазітар Эрык Арлоў-Шымкус бездакорна выбраў вядомыя музычныя вобразы і стварыў трапнае псіхадэлічнае суправаджэнне пастаноўкі.

«Тэатр Юркі Дзівакова» — з’ява ўнікальная і абсалютна індывідуальная. Яго асноватворная падстава — гранічная суб’ектыўнасць, дэкаратыўная эстэтызаванасць, гульня падсвядомасці, алюзійнасць, асацыятыўнасць, міфалогія, свет сноў і галюцынацый. Звяртаючыся да нядаўніх, але ўжо гістарычных паралеляў, можна згадаць эстэтычную праграму Мінскага тэатра-студыі Рыда Таліпава пры канцы 1980-х: «Гогаль. Fatum» — з’ява з таго самага шэрагу, такое самае сведчанне не тэатра адмыслоўцы-сучасніка з прагай вострай сацыяльнасці, а тэатра аўтара-мастака, да чыёй творчасці не падыходзяць ключы пост(пост)мадэрну. Бо гэты мастак імкне да новага мадэрнізму.

1
ПЕРЕЙТИ К ДРУГИМ СТАТЬЯМ