Спектаклі-галінкі на чэхаўскім дрэве

Чэхаў на тэатральнай сцэне — з’ява звыклая. Юбілейныя даты становяцца хіба дадатковай нагодай, а зусім не галоўным стымулам для чарговых увасабленняў яго драматургіі. Леташняе 160-годдзе спарадзіла адразу чатыры прэм’еры ў розных тэатрах, прычым паводле чатырох розных п’ес. Чым не квазі-фестываль? Штосьці накшталт: “Мельпамена з Меліхава: беларуская прапіска”. Прычым два спектаклі — сталічныя, яшчэ два — гомельскія. Разгледзім?

“Вішнёвы сад”

Гэты хрэстаматыйна вядомы чэхаўскі шэдэўр быў увасоблены ў Гомельскім абласным драматычным тэатры ўпершыню за 80-гадовую гісторыю калектыву. Але на сайце тэатра выкладзены відэазапіс колішняга “Дзядзькі Вані”, ужо знятага з рэпертуару (дададзім, чарговая прэм’ера — “Візіт дамы” Ф.Дзюрэнмата ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка — адбылася акурат учора).

Спектакль заслужанага артыста Расіі Зураба Нанабашвілі можа быць названы традыцыйным. Новыя дэталі рэжысёр дадае хіба тонкім пункцірам. Гэта цацачны цягнічок, што праязджае па авансцэне ў пачатку і фінале спектакля. Маленькі жывы сабака ў руках Шарлоты. Шафа як непасільная ноша за спінаю. Белы саван, які нацягвае на сябе Фірс, на нашых вачах сыходзячы ў цемру нябыту. Закаханы ў Ранеўскую Пеця, а не Лапахін: дылему кахання ці грошай “малаграматны Ермалай”, асабліва ў выкананні Сяргея Арцёменкі, адназначна вырашае на карысць апошніх (Лапахін Андрэя Шыдлоўскага больш чалавечны, імпульсіўны, таксама ахвяра, а не пераможца).

Паваротная сцэна дазваляе дакладна вылучыць дзеянне ўнутры памяшкання і на вуліцы, дзе ўлонне прыроды азначаецца зялёнай ці белай драпіроўкай, сімвалізуючы яшчэ і поры года. Адзін толькі раз яны спыняцца “на мяжы”, і тая галерэя ў змрочна таямнічае “нікуды” дапоўніць касмічныя “чорныя дзіры” адкрытых дзвярэй і вокнаў (мастак — Таццяна Стысіна). А над усім застанецца цень дрэва — знак вечнасці. Ці не гэтым пазначана ўся творчасць А.Чэхава?

Культура

№ 7 (1498) 13.02.2021 — 19.02.2021 г

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.