Гомель тэатральны: «Славянскія сустрэчы» 15-ы раз

Падчас адкрыцця фестывалю

XV Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва «Славянскія тэатральныя сустрэчы» адбыўся ў Гомелі 16—21 мая. Гэты год быў юбілейным. Цягам шасці дзён на трох сцэнічных пляцоўках паказалі 10 спектакляў тэатраў Бранска, Екацярынбурга, Разані, Смаленска, Мазыра, Мінска і, вядома, горада-гаспадара, што быў прадстаўлены ўсімі трыма прафесійнымі калектывамі.

«Славянскія тэатральныя сустрэчы», якія ладзяцца ў Гомелі раз на тры гады, увайшлі ў гісторыю фестывальнага руху як першы такога кшталту тэатральны форум у Беларусі. Сапраўды мэтанакіравана сустракацца ў рамках фэсту пачалі яшчэ з 1989 года. Цяперашняя ж назва фестывалю з’явілася ў 1994-м і адлюстроўвае славянскае сяброўства — найперш тое, што было складзена і замацавана ў савецкія часы: Беларусь, Расія, Украіна. Нават рэгулярнасць правядзення была на гэта зарыентавана, бо фестываль праводзіўся па чарзе ў Бранску, Чарнігаве і ў нас — у трох гарадах, якія знаходзяцца непадалёк адзін ад аднаго, але належаць да розных краін-суседак.

Апошнім часам сітуацыя для мастацкіх сувязяў не самая спрыяльная: тут і пандэмія паўплывала, парушыўшы многія трывалыя маршруты, і палітычныя супярэчнасці. Таму юбілейны фестываль быў прадстаўлены толькі дзвюмя краінамі, хаця калісьці удзельнічалі і Малдова, і Польшча — і арганізатары ўсур’ёз задумваліся пра яшчэ большае пашырэнне, маўляў, калі той жа Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ўжо даўно не абмяжоўваецца толькі славянскімі краінамі, дык і «Славянскія тэатральныя сустрэчы» маглі б збіраць большае прадстаўніцтва.

Да гонару арганізатараў (а гэта Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі аблвыканкам і Гомельскі абласны драмтэатр, які калісьці выступіў ініцыятарам праведзення фестывалю і застаецца галоўным завадатарам ідэй), пры ўсіх цяперашных складанасцях праграма атрымалася даволі годная — найперш па ўзроўні спектаклей-удзельнікаў. Іх абмяркоўвала і ацэньвала журы на чале з Уладзімірам Мішчанчуком, заслужаным артыстам Беларусі, прафесарам, дэканам тэатральнага факультэта нашай Акадэміі мастацтваў.

Адкрываў форум Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр спектаклем «Яшчэ раз пра каханне» паводле апавяданняў Васіля Шукшына. Пастаноўка Юрыя Пахомава (Расія) па яго ўласнай інсцэніроўцы атрымалася вельмі расійскай па менталітэце. I зусім не маладзёжнай па духу, а прызначанай найперш для старэйшага пакалення, што заспела савецкія часы. Азначаны жанрам меладрамы, спектакль насамрэч аказаўся сацыяльнай драмай: ва ўсіх гісторыях пра каханне так ці іначай акрэсліваліся і акцэнтаваліся, следам за пісьменнікам, менавіта савецкія сацыяльна-гістарычныя. Гэта і нелюбоў да «гарадскіх», да інтэлігенцыі («Раскас»), і няўменне выказаць свае думкі («Сцёпкава каханне»), авалодаць эмацыйным імпульсам («Бяспалы»), і прынцыповае супярэчанне між прагай да прыгажосці і таварным дэфіцытам, памножаным на адсутнасць побытавых выгод («Боцікі»), і праславутая боязь грамадскай думкі («Увосень»). Тэма калектывізму, калі жыццё кожнага вяскоўца бы на далоні ў той самай грамадскасці, вырашалася праз масоўку слухачоў-назіральнікаў, ролю якіх часам ігралі артысты, задзейнічаныя ў іншых апавяданнях як галоўныя асобы («Лепшая мужчынская роля другога плану» — Дзяніс Маісейчык). Між тым, маладзёжная масоўка магла б увасобіць і нашых сучаснікаў. Тады б спектакль набыў дадатковую лінію цяперашняга асэнсавання ўсіх тых перыпетый.

Цудоўна, што арганізатары не забываюцца запрашаць да ўдзелу ў фестывалі бліжэйшага для Гомеля суседа — Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа. Гэтым разам калектыў, пазалетась уганараваны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй за «Людзей на балоце», прывёз аднаактоўку «Дзіўныя людзі» паводле трох п’ес-жартаў Антона Чэхава: «Прапанова», «Юбілей» і «Мядзведзь». Галоўны рэжысёр тэатра Раман Цыркін вельмі творча падышоўда абранага матэрыялу: п’есы былі не проста скарочаны, а падзелены на асобныя фрагменты, што выкладаліся мазаікай па прынцыпе кінамантажу. Іх разгортванне было падпарадкавана цэнтральнай ідэі, уласцівай усёй чэхаўскай драматургіі, — чалавечай адзіноце сярод натоўпу, выкліканай тым, што людзі не чуюць адно аднаго, нават калі быццам бы слухаюць. Аб’яднала і тэма дарогі, па якой усе мы імчымся ў цягніку жыцця, і звязанае з гэтым вечнае пытанне: «Quo vadis?» — «Куды ідзём?». Тройца сучасных бамжоў (а іх іграюць найпрыгажэйшыя маладзенькія дзяўчаты, з-за чаго яшчэ больш шчыміць сэрца), сарамліва названых «людзі вакзала», знаходзяць звязку выкінутых кніжак, пачынаюць гартаць — і перад імі паўстаюць старонкі рускай класікі. Менавіта бамжы становяцца самымі чулымі слухачамі-гледачамі, жыва рэагуючы на ўзаемаадносіны персанажаў. Тэатр у тэатры? Распаўсюджанае ў сучаснай рэжысуры паралельнае дзеянне? А яшчэ папулярызацыя кніжак і чытання як лекаў для душы. Ці ж не актуальна?

Артысты гралі заўзята, Аляксандр Фяськоў у ролі Ломава быў адзначаны спецыяльным прызам журы «За акцёрскую аддачу і самаахвярнасць». Ды многім не хапала ўнутранага прафесійнага кантролю, каб не пераходзіць на крык і крыўлянне. Мярчуткіна чамусьці ператварылася ў п’яную жанчыну, нават у гэткую алкагалічку — шкада, бо роля выпісана ў аўтара вельмі каларытна. Але ж як выдатна рэагавалі на якасць асобных сцэн загрыміраваныя «бамжы»! Калі было і сапраўды цікава, жыва суперажывалі, «падтаквалі» персанажам. А ледзь толькі дзеянне пачынала каціцца механічна, неасэнсавана з боку акцёраў, па даўно пракладзеных рэйках — гэтыя персанажы займаліся сваімі справамі, гулялі ў карты і т.п.

«Лекар міжволі» Мальера неўпершыню трапляе на гомельскую фестывальную сцэну. Здаўна захоўваецца п’еса і ў рэпертуары сталічнага ТЮГа. Гэтым разам свой спектакль прывезлі артысты Смаленскага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя А.С. Грыбаедава. Яшчэ да пачатку прагляду здзівіў хранаметраж — крыху больш за гадзіну без антракту. Як у такі прамежак часу ўкласці вялізную трохактоўку? У праграмцы вока вычапіла дададзеных персанажаў — трое бурлакоў. Няўжо перанос дзеяння на Волгу?Ажно не: спектакль уяўляў сабой выкшталцоную тэатральную гульню.

«Лекар міжволі» Смаленскага дзяржаўнага тэатра імя А.С. Грыбаедава

Частка бясконцых дыялогаў пераведзена ў пластычныя сцэны. Некаторыя персанажы скарочаны-сумешчаны. Ніякіх бурлакоў — толькі Венецыя, дзе кожны сам сабе гандальер. Затое дададзены бязмоўны блазан-Арлекін, пазначаны як Рабэр, Цібо, Перэн. Менавіта ён становіцца рухавіком, гэткім «шэрым кардыналам» дзеяння, быццам разыгрываючы перад намі сваю «батлейку». Усе героі — толькі марыянеткі ў яго руках: выбеленыя, смешна размаляваныя твары-маскі, лялечныя рухі. За кошт максімальнай сцісласці ў спектаклі няма ніякай вады, затое шмат паветра. Гэта і працяглая пластычна-танцавальная ўверцюра з некалькіх частак, і далейшыя павольныя «праплыванні» гандолы з тымі ці іншымі персанажамі па коле. I вельмі паветраная сцэнаграфія: падвешаныя ў цэнтры на некалькіх нітках-вяровачках празрыста танюткія, з’яднаныя між сабой палотнішчы. Бы нейкі таямнічы Салярыс, яны жывуць сваім жыццём: свецяцца рознымі акварэльнымі колерамі-адценнямі, сыходзяцца-разыходзяцца, увасабляюць і аблачынку надзей, і намёк на герояў-марыянетак, знітаваных лёсамі, і чароўны куфэрак, у якім хаваюцца персанажы-лялькі. I амаль усё пад «завадныя» песні Джо Дасэна (хіба з’яўленне ў адным з момантаў мелодыі Леграна з «Шэрбургскіх парасонаў» выглядала недарэчы). У выніку смаленскі «Лекар…» перамог у намінацыі «Лепшы акцёрскі ансамбль».

Адзіным лялечным (і адначасова адзіным дзіцячым) спектаклем у фестывальнай праграме быў«Сакрамант лесу» Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек. Добра складзеная гісторыя паводле казак Якуба Коласа, пазначаная ўзроставым цэнзам «5+», атрымала не найлепшую для юных гледачоў назву. А сам спектакль бы салодкая цукерачка: стыльны, прыгожы, добры, павучальны, з выдатным беларускім маўленнем, цудоўнымі галасамі артыстаў, дзе амаль кожны грае па некалькі роляў жывёл. Паставіла яго артыстка тэатра Яна Янчык, якая вучыцца ў Маскве ў знакамітай Шчукінцы — Тэатральным інстытуце імя Барыса Шчукіна, прычым на акцёрскім аддзяленні. Мастачка Вольга Шчарбінская стварыла адмысловы казачны свет: сонечна пясочны, заліты святлом, бы ў спякотнай пустыні. Заднік змяняе фарбы, як на канцэртах харэаграфіі. Планшэтныя лялькі вялізныя, драўляныя. на колцах, бы старадаўнія народныя цацкі. А зверху — белыя шарыкі ў доўгіх сетачках з такімі ж працяглымі асацыятыўнымі шэрагамі: гэта і кроплі расы, і згаслыя зоркі-касмічныя планеты, і шарыкі пінг-понга, і апельсіны-альбіносы. А самыя драматычныя сцэны вырашаюцца праз тэатр ценяў (спецпрыз «За беражлівае стаўленне да беларускай нацыянальнай класікі і культуры»).

Разанскі абласны тэатр драмы прывёз камедыю «6 раніцы, амерыкана». Гэтая п’еса беларускай пісьменніцы Улады Альхоўскай ідзе ў нашым Маладзёжным тэатры, таму цікава было параўнаць розныя прачытанні. Добра закручаны побытавы сюжэт разанцы перавялі ў галіну гэткага «сацыяльнага фэнтэзі», прычым вельмі расійскага: тут і рускі фольк, што спяваецца на падпітку; і касцюмы «пад хахламу» і жостаўскі роспіс у адмоўных персанажаў; у станоўчых — сукенкі з паўлапасадскай хусткі і мяккія лялькі ўтэхніцы пэчворк. Чым не сатыра на ўра-патрыятызм? Камедыі — ані грама, увесь спектакль бы анаграма. Бо «расшыфроўваць» даводзілася літаральна кожнае пачутае слова, а непачутых было ў разы больш (Мікіта Маскавой-Русо быў вылучаны «За лепшае пластычнае рашэнне ролі» Івана Бялугіна). Найбольш «гаваркой» здалася сцэнаграфія. Сцяна з абрысамі хаткі пад трохвугольным дахам аказвалася «домам з сюрпрызамі»; патаемнымі дзвярыма-вокнамі, убудаванай мэбляй. Усё акантавана штучнай травой, зялёны колер якой сімвалізаваў і садовыя пасадкі, і зацыкленасць насельнікаў на грашовай «зеляніне» (папяровыя грошы ў спектаклі ў выглядзе манахромных зялёных паперчын).

Маналог шчаслівай жанчыны «Гарбатая» — монаспектакль Незалежнага тэатра «ТУТ» («Тэкст. Урал. Тэатр») з Екацярынбурга па п’есе Яраславы Пуліновіч. Жудасны змест аповеду пра складаны лёс быў афарбаваны непадробным гумарам. А талент актрысы Марыны Гапчанка, цалкам натуральнай у кожнай дробязі («Лепшая жаночая роля»), аказаўся памножаны на тонкую, ненавязлівую рэжысуру Кацярыны Вялікавай — маладой заснавальніцы тэатра «ТУТ». Заплечнік з каменнем на спіне гераіні — гэта і горб, і цяжкая жыццёвая ноша, і час раскідваць ды збіраць камяні, і адсутнасць каменя за пазухай. А пастаяннае корпанне гераіні ў тым заплечніку, пошук нейкіх паперак, таблетак як адлюстраванне няпростых жыццёвых пошукаў.

«Варшаўская мелодыя» нашага Новага драматычнага тэатра ў пастаноўцы яго мастацкага кіраўніка Сяргея Кулікоўскага ані не страціла прыўзнята-прэм’ернага адчування, хаця з таго дня мінула больш як два гады. Наадварот, спектакль толькі дабраў свежага паветра і ўнутранай энергетыкі, што даляталі да апошняга рада балкона. Не перашкодзілі ні вялікая сцэна замест камернай, ні штосьці іншае. Пастаноўка скарыла гарманічнасцю, дзе кожная побытавая дэталь сцэнаграфіі Лідзіі Малашэнка ўзрастае да філасофскіх абагульненняў. Нават паваротная сцэна, якая дазваляе імкліва змяняць лакацыі, становіцца і сімвалам няўмольнай хуткаплыннасці часу, і колам жорнаў пасляваеннага палітычнага механізму, што бязлітасна размалолі каханне і жыцці герояў. Надзея Анцыповіч і Арцём Пінчук («Лепшая мужчынская роля»), які ўяўляўся «рулявым» гэтага дуэта, данеслі галоўнае — шчырасць сапраўдных пачуццяў.

Шмат спрэчак на абмеркаванні выклікала тэатральная фантазія «Як змарнаваць яшчэ адзін вечар?» Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра паводле п’есы М. Някрасава «Восеньская нуда». У чымсьці гэта заканамерна, бо прынцыповым несупадзеннем поглядаў часта суправаджаюцца нешараговыя мастацкія падзеі, што пракладаюць шлях наперад.

Гэтая пастаноўка Кірыла Салёнава, выхаванца Марка Захарава, стала вынікам перамогі маладога маскоўскага рэжысёра ў «Тэатральным пітчынгу» ў Бранску, пасля чаго ён і атрымаў запрашэнне ад кіраўніцтва гомельскага калектыву. Спектакль атрымаўся ў лепшых сэнсах рэжысёрскім і маладзёжным. Рэжысёрскім, бо згаданая п’еса, пазначаная аўтарам як «сельская сцэна», стала хіба пунктам адліку для далейшых драматургічных пошукаў. Да яе скарочанай і вельмі перапрацаванай версіі дадаліся някрасаўскія вершы, фрагменты даследаванняў жыцця і творчасці паэта-змагара, што развенчваюць яго хрэстаматыйнае аблічча, а таксама некалькі фраз маналога Фігара з «Жаніцьбы…» Бамаршэ, сугучных біяграфіі Някрасава. Праз асацыятыўныя шэрагі, насычэнне безліччу постмадэрнісцкіх спасылак гэтае інтэртэкстуальнае кола спектакля пашыраецца да бязмежнасці. Выбудоўваюцца лініі ад Някрасава да ранейшага Гогаля з яго д’ябальскай містыкай і пазнейшага Чэхава з яго «Палатай № 6». Повязь рускай класікі XIX стагоддзя аказваецца ўпісанай у працэсы сусветнага мастацтва, пра што сведчаць і старажытна-«рыцарскія» вежы ў сцэнаграфіі, і намёк на трох вядзьмарак з «Макбэта» Шэкспіра, і відавочныя фаўстаўскія матывы: Някрасаў атрымлівае быццам другое жыццё ў абліччы Ласукова (Яўген Хромаў, нават знешне падобны да гэтага рускага класіка, быў адзначаны «За акцёрскую шматграннасць», бо яшчэ дзве ролі — Жабкі і Льва — іграў у «Сакраманце лесу»), А прыслужвае яму Хлопчык — ні даць ні ўзяць пераапрануты Мефістофель (бліскучая акцёрская работа Валерыі Цыкуненка была прызнаная «Лепшай жаночай роллю другога плана»).

I ўсё гэта пранізана фальклорнымі павевамі — рускімі, беларускімі, агульнаславянскімі, — што выходзяць на абагульнены міфалагічна-філасофскі ўзровень: тут і русалчыны забавы, і купалаўскія вяночкі, што раптам складаюцца ў цярновы вянец, і качанне па зямлі, каб дала добры прыплод-ураджай, і немаўляты, якія раз-пораз з’яўляюцца на руках герояў, і апалае лісце як сімвалічнае падвядзенне вынікаў.

У спектаклі шмат гумару, ёсць і нечаканыя ўкрапванні тэатра лялек. Пашарпаныя дзверы, што сваім колерам вымушаюць згадаць «Чараўніка смарагдавага горада» і паўстаюць выхадам у іншае вымярэнне, раптам выступаюць шырмай, зверху якой з’яўляюцца плоскія выявы. Сярод іх і вялізны фанерны заяц, выратаваны дзедам Мазаем… ці мішэнь для стрэлаў? I праз усе гэтыя ўлюбёныя падлеткамі прыколы — пытанне пра сэнс жыцця: «Навошта ты прачнуўся сёння?». Яно з’яўляецца на чорнай дошцы задніка: яго піша тут літаральна ў самым пачатку спектакля так званы Чалавек тэатра (Віктар Тулупаў, які пазней паўстане і Аніссяй, і Паляўнічым) — насамрэч наш сучаснік. I пытанне гэтае скіравана не столькі да Някрасава-Ласукова, колькі ў глядзельную залу. Цягам усёй сцэнічнай дзеі яно свярбіць у душы, не дае спакою і пасля прагляду, з’яўляецца, па сутнасці, варыяцыяй знакамітага «Quo vadis?». I звернута найперш да моладзі, бо спектакль па ўсіх параметрах адпавядае назве тэатра — маладзёжны.

Калі падобныя «рытарычныя пытанні» задаюцца наўпрост, каб чарговы раз пакрытыкаваць маладое пакаленне, дык успрымаюцца, вядома, у штыкі. Тут жа ўсё іначай. Вядомы пісьменнік са школьнай праграмы выклікае непадробную цікавасць — сваім двуабліччам, нетрадыцыйнай падачай незашмальцаванага матэрыялу. Акрамя ўласна разваг пра Някрасава з яго сялянскай тэматыкай, узнікаюць тэмы творцы і народа, рэальнай і ўяўнай улады.

Не менш авангардным спектаклем сталі і «Маленькія трагедыі. Пушкін» Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, пасля леташняй прэм’еры адрэцэнзаваныя «Мастацтвам» (гл. № 8 за 2022 г.). За гэты час спектакль узмужнеў, набыў яшчэ больш цэласнасці, пластычнасці ў мадуляцыях-«пераплывах» ад адной сцэны да другой, з’яднаных тэмай творцы і «моцных гэтага свету». Яшчэ больш красамоўнай успрымаецца назва. Гэта не толькі пушкінскі твор, адкуль для спектакля пазычаны «Моцарт і Сальеры», дыялог якіх перагукваецца з дакументальна засведчанай размовай Пушкіна і Мікалая I. Гэта абагульнены «знак бяды»: ад маленькіх трагедый асобных людзей да вялікіх трагедый усяго народа і чалавецтва. Спектакль быў прызнаны найлепшым на фестывалі — гран-пры! А Вера Грыцкевіч вылучана за ролю Пушкіна (так-так, у гэтай пастаноўцы і Пушкіна, і Моцарта граюць дзяўчаты).

«Маленькія трагедыі. Пушкін» Гомельскага абласнога драматычнага тэатра

Завяршалі фестываль «Апавяданні цыніка» Бранскага тэатра драмы імя А.К. Талстога, пастаўленыя Яўгенам Качатковым па апавяданнях Аркадзя Аверчанкі. «Фішкай» спектакля стаўудзел жывога бэнда (фартэпіяна, акардэон, кантрабас, ударныя), спевы-танцы пачатку XX стагоддзя, частковы зварот да тэатра ценяў, выкарыстанне аднаго з элементаў паветранай гімнастыкі. Згаданы сінтэз мастацтваў быў прызнаны найлепшай рэжысурай.

Падчас адкрыцця фестывалю

Падчас адкрыцця фестывалю

Сам фестываль таксама вызначаўся сінтэзам, бо адкрываў яго вулічны тэатралізаваны дывертысмент, а завяршала дакументальнае відэа, што змясціла старонкі гісторыі форуму, уключаючы навейшую — падзеі і спектаклі юбілейных, пятнаццатых «Славянскіх тэатральных сустрэч». Сустрэнемся на шаснаццатых?

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і Мастацтва»
Аўтар Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра СТУПІНСКАГА

16.06.2023