Гомель – горад тэатральны

У двух драмтэатрах Гомеля — абласным і гарадскім маладзёжным — амаль адначасова, з розніцай ўсяго ў два дні, узніклі дзве выбітныя прэм’еры. Скажаце, касмалагічнае ўздзеянне лічбы «2»? Але у кожным са спектакляў свая не толькі сімволіка, але і рэжысёрскія прыёмы ды сістэма выразных сродкаў. Яднае іх хіба акцёрская заўзятасць і тое, што клічуць звычайна эксперыментам, а насамрэч з’яўляецца крокам наперад, пашырэннем нашых уяўленняў пра тэатр.

У Гомельскім абласным драмтэатры цяпер маецца «Нос маёра Кавалёва». Чакалі яго з нецярплівасцю. Яшчэ і таму, што ведалі: запрошаны рэжысёр Раман Габрыа абы-што не паставіць. Год таму ён выпусціў тут шмат у чым эксперыментальны, вельмі арыгінальны, у чымсьці нават эпатажны, але надзвычай глыбокі спектакль «Маленькія трагедыі. Пушкін», які атрымаў бясспрэчнае гран-пры на XV Міжнародным фестывалі тэатральнага мастацтва «Славянскія тэатральныя сустрэчы». Значыць, не менш цікавым і незвычайным можа аказацца і «Нос маёра Кавалёва», дзе ўжо сама аповесць Мікалая Гогаля ўтрымлівае безліч усялякіх «незвычайнасцей».

Адпаведна з гэтым, спектаклю было дадзена азначэнне «незвычайна дзіўнае здарэнне». Але жанравы сінтэз у ім куды больш шырокі за прыгоды і фэнтэзі: у пастаноўцы скарыстаны некаторыя прыёмы кіно і нават мультыплікацыі. I справа тут зусім не ў відэакантэнце! А ў адмысловай фонасферы і нечаканай агучцы. У выніку атрымліваецца па-праўдзе «незвычайна дзіўнае» спалучэнне таго, што мы бачым, і таго, што чуем: адны артысты працуюць сваім целам, ствараючы візуальнае аблічча герояў, а іншыя — голасам, агучваючы персанажаў часцей «не сваім» тэмбрам, у лялечна-мультыплікацыйнай манеры.

Майстроў агучкі ўсяго двое: Вера Грыцкевіч і Сяргей Юрэвіч. Пачынаецца спектакль менавіта з таго, як яны займаюць свае месцы ў «студыі», рыхтуюцца да працы. Тая «студыя», дарэчы, знаходзіцца ў аркестравай яме, і такое размяшчэнне быццам дадаткова сведчыць, што «размоўны дуэт» выступае ў ролі сувязнога звяна, гэткага «правадніка» між сцэнай і залай. Ці, іншымі словамі, між двух сусветаў: рэальнасці, якую ўвасабляе сучасная публіка, і пазарэальнасці, фантасмагорыі сцэнічнай дзеі.

Апавядальнікі (а менавіта так названы гэтыя ролі ў праграмцы) належаць адначасова да двух гэтых сусветаў. I гэта адлюстравана ўжо ў час згаданай прэамбулы-ўступу. Раптам дзяўчыне становіцца блага — і гледачы ўжо гатовыя ўспрымаць сітуацыю «ўсур’ёз», бегчы на дапамогу. Ды і надалей між чытальнікамі разгортваюцца свае ўзаемаадносіны, сачыць за якімі не менш цікава, чым за ўласна разгортам гогалеўскага сюжэта. З’яўляюцца яны і на сцэне. Вера танчыць, Юрэвіч паўстае Гогалем. Як жа без яго? Такое размеркаванне ролі набывае дадатковую сімволіку і падкрэслівае, што менавіта пісьменнік быў галоўным «сувязным» між сусветамі.

Праз гэта выбудоўваецца повязь часоў, надзеленая філасофскім адценнем. Маўляў, раней «праваднікамі» выступалі самі літаратары, «шыфруючы» свае пасылы чытачам літарамі ў кніжках. Цяпер жа — найперш Апавядальнікі, бо мы ўсё часцей успрымаем класіку праз аўдыякнігі. Дарэчы, майстэрства чытальнікаўу гэтым спектаклі настолькі дасканалае, што аўдыяшэраг добра ўспрымаецца не толькі разам з візуальнымі ўражаннямі, але і адасоблена, як вельмі крэатыўны радыёспектакль. Тое ж тычыцца і «карцінкі» на сцэне, якая магла б стаць паўнавартасным пластычным спектаклем. А сам падзел на аўдыя і відэа, пры ўсім іх сінтэзе, дадаткова падкрэслівае думку, закладзеную Гогалем у аповесць: знешнасць і ўнутраная сутнасць — далёка не адно і тое ж, яны могуць існаваць як у гармоніі, так і ў дысгармоніі.

Не менш выразнымі атрымаліся і ўсе без выключэння візуальныя вобразы, пачынаючы з… тэатральнага асвятлення (мастак па святле Максім Ахрамееў). Святло тут, як і ў спектаклі «Маленькія трагедыі. Пушкін», выступае адной з галоўных дзейных асоб. А ў фінале ўвогуле становіцца быццам тым Творцам-чараўніком, які і нафантазіраваў усю гэтую гісторыю. Бо дэманструе сапраўдны цуд: пакрысе ўсяго за некалькі секунд змяняе на нашых вачах відарыс Пецярбурга. I адбываецца тая змена | карцінкі (а галоўнае, яе настрою), падкрэслю, адно з дапамогай святла. Іграючы Носа, Юрый Марціновіч выдае бліскучую пародыю на оперную жэстыкуляцыю ў знакамітай Арыі Царыцы Ночы з «Чароўнай флейты» Моцарта. Дарэчы, вялізная выява Носа адасобілася ад маёра Кавалёва настолькі, што заняла пачэснае месца і на праграмцы (з пазначаным | пункцірам, дзе можна адрэзаць нажніцамі), і адразу на ўваходзе ў фае (мастак-пастаноўшчык Таццяна Стысіна). Атрымалася і выдатная фотазона, і падстава для выказвання думак наконт убачанага: гледачы заўзята распісвалі незвычайную скульптуру, пакідаючы на ёй свае ўражанні і водгукі. Спачатку задумвалася, што тэты манумент будзе выязджаць на сцэну. Дзмітрый Попчанка ў ролі ягонага гаспадара нават спрабаваў узлезці на гэтае збудаванне. Але механізм рухаўся надта гучна, і ад той ідэі адмовіліся. Яно і вядома: ці ж магчыма спаборнічаць з няўлоўнымі перамяшчэннямі маёра Кавалёва? Пластыка Дзмітрыя — на ўзроўні прафесійных мімаў, гімнастаў, танцораў, нават цыркавых артыстаў, бо ва ўмовах рухавай паваротнай сцэны ўсё ўскладняецца. Пры гэтым кожная дэталь любога руху набывае ў яго неверагодную эмацыянальную і, галоўнае, сэнсавую выразнасць. Непераўзыдзеным камедыйным артыстам, які дасць фору французскім кіназоркам, паўстаў мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Лагуценка. У ягонай практыцы былі самыя рознахарактарныя ролі, у тым ліку камічныя, але гэтая пераўзыходзіць іх па кампактнасці і цудоўнай пантаміме. Сцэна ў цырульні — ну проста цукерачка!

ВЫРАЗНЫМІ АТРЫМАЛІСЯ I ЎСЕ БЕЗ ВЫКЛЮЧЭННЯ ВІЗУАЛЬНЫЯ ВОБРАЗЫ, ПАЧЫНАЮЧЫ 3… ТЭАТРАЛЬНАГА АСВЯТЛЕННЯ (МАСТАК ПА СВЯТЛЕ — МАКСІМ АХРАМЕЕЎ). СВЯТЛО ТУТ, ЯК I Ў СПЕКТАКЛІ «МАЛЕНЬКІЯ ТРАГЕДЫІ. ПУШКІН», ВЫСТУПАЕ АДНОЙ 3 ГАЛОЎНЫХ ДЗЕЙНЫХ АСОБ.

У спектаклі шмат гумару. Але тая весялосць, што ахоплівае залу, ніяк не пярэчыць філасофскаму складніку — наадварот, толькі адцяняе яго, робіць яшчэ больш відавочным. I сведчыць пра ўдала знойдзенае спалучэнне двух кірункаў: на шырокую публіку — і на фестываль. Гледачы ўжо заваяваныя — засталося скарыць фестывальную прастору. Тым больш з гэтым у тэатра няма праблем. Толькі за гэту восень тэатр удзельнічаў адразу ў двух буйных форумах: на Міжнародным тэатральным фестывалі «На радзіме ў Чэхава» паказаў «Вішнёвы сад», а на XI Расійскім тэатральным фестывалі імя М. Горкага — «Кветкі запозненыя», дзе з’ядналіся творы Чэхава і Салтыкова-Шчадрына.

Вялікую цікавасць выклікаў і новы патрыятычны праект тэатра, прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Гомеля, якое святкуецца 26 лістапада. Гэта відэамарафон «Мы ведаем. Мы памятаем. Мы шануем!»: штодзень на сайт тэатра і ў яго суполкі ў сацыяльных сетках выкладаюцца ўсё новыя вершы, песні, фрагменты пастановак адпаведнай тэматыкі ў выкананні гомельскіх артыстаў розных пакаленняў. Потым на аснове гэтых відэаролікаў будзе зроблены фільм.

Источник: МАСТАЦТВА №11/2023 ст. 42 ТЭАТР / РЭЦЭНЗІЯ