Прызванне тэатра — ствараць
У снежні Гомельскі абласны драматычны тэатр адсвяткаваў 85-годдзе. Напярэдадні юбілею мы звярнуліся да мастацкага кіраўніка калектыву Сяргея Лагуценкі.
— Сяргей Феліксавіч, калі ласка, некалькі слоў пра ўрачыстасці. Ці чакаюцца прыемныя сюрпрызы?
— Гэта будзе святочная вечарына са шматлікімі віншаваннямі, найперш творчымі. Прыедуць нашы сябры — тэатры з Бранска, Разані, кожны са сваімі сюрпрызамі-падарункамі. Чакаем прадстаўнікоў знакамітага ГІТІСа — Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. Адзін з сёлетніх выпускнікоў гэтай славутай навучальнай установы Іван Чумачэнка паставіў у нас дыпломны спектакль — “Каханне. Каханне? Каханне!”. Такое супрацоўніцтва працягнецца і налета: прыедзе яшчэ адна маскоўская дыпломніца — Ганна Штукатурава.
— Вы неяк адразу вырулілі на тэму маладой рэжысуры. Але ж не ўсе, мабыць, памятаюць, што менавіта ГІТІС у свой час стаў “бацькам” вашага калектыву.
— Сапраўды, наш тэатр, спачатку названы рускім — Гомельскі абласны рускі драматычны, — быў створаны з выпускнікоў курса Леаніда Леанідава ў ГІТІСе. Дарэчы, гэта быў адзіны курс майстра, якім ён кіраваў усе гады навучання. Яго выхаванцаў так і называлі — студыя Леанідава. І праз два гады існавання ўзнікла думка ператварыць тую студыю ў паўнавартасны тэатр. Па завяршэнні вучобы за леанідаўцаў змагаліся адразу тры савецкія гарады: кожны хацеў атрымаць малады таленавіты калектыў. А перамог, як бачыце, Гомель.
— ГІТІС стаў “бацькам”, але ж былі, пэўна, і іншыя сваякі ды продкі.
— Сярод “продкаў” нашага тэатра — і драмгурток чыгуначнікаў, арганізаваны ў 1918-м, і створаны на яго базе тэатр працоўнай моладзі (па-руску — ТРАМ), што пачаў адлік з 1930-га. Дарэчы, пра значнасць гэтага калектыву ў стварэнні тэатральнага падмурку ў Гомелі сведчыць і той факт, што гады праз два кіраваць тым працоўна-маладзёжным тэатрам пачаў легендарны рэжысёр, драматург, акцёр, педагог Еўсцігней Міровіч. Да 1937-га дзейнічаў у Гомелі і БДТ-3. Першым Беларускім дзяржаўным тэатрам быў цяперашні Купалаўскі. Другім — сённяшні Нацыянальны імя Якуба Коласа ў Віцебску. Трэцім — наш. Дарэчы, яго дырэктарам быў Уладзіслаў Галубок, не менш легендарны акцёр, рэжысёр, драматург і першы, хто атрымаў званне народнага артыста Беларусі. У нас багатая гісторыя!
Арыентуемся на маладых рэжысёраў, здольных мысліць не ў адной плоскасці, а ў шырокім, аб’ёмным вымярэнні сучаснай эстэтыкі, тэхналогій, мастацкіх прыёмаў.
— І не менш цікавая ды багатая на творчыя праекты і эксперыменты сучасная дзейнасць!
— У гэтым плане арыентуемся на маладых рэжысёраў, што здольныя мысліць, так бы мовіць, не ў адной плоскасці, а ў шырокім, аб’ёмным вымярэнні сучаснай эстэтыкі, тэхналогій, мастацкіх прыёмаў.
— Адзін толькі Раман Габрыа, заслужаны дзеяч мастацтваў Паўднёвай Асеціі, чаго варты! Ён паставіў у вас ужо тры адметныя спектаклі, што прыцягнулі сталічных і замежных крытыкаў, перакулілі мысленне акцёраў і гледачоў: “Маленькія трагедыі. Пушкін”, адзначаны Гранпры на міжнародным фестывалі, “Нос маёра Кавалёва”, “Іванаў. Рускі Гамлет”.
— Запрашаем і беларускую моладзь, выпускнікоў нашай Акадэміі мастацтваў. Марыя Гардзіенка ўвесну выпусціла спектакль “Ляцяць жураўлі” па п’есе Віктара Розава “Вечна жывыя”, мы паказвалі яго ў Мінску на ІІ Рэспубліканскім фестывалі “Перамога”. Марыя Матох, пачынаючы з 2020-га, паставіла ў нас ужо тры спектаклі, і ўсе яны карыстаюцца трывалай глядацкай увагай: “Цыяністы калій… З малаком ці без?”, “Гандзі маўчаў па суботах”, “Сэлфі са склерозам”.
— Але ж вы гадуеце і ўласныя рэжысёрскія кадры.
— Шмат ставіць адзін з вядучых артыстаў нашага тэатра Андрэй Шыдлоўскі: на яго творчым рахунку з паўтара дзясятка спектакляў. Рэжысуру з акцёрствам пачаў сумяшчаць вельмі запатрабаваны на сцэне Зміцер Байкоў. Увогуле рэ- пертуар у нас самы разнастайны — на ўсе густы: і для элітнай інтэлігенцыі, і для шырокай публікі, і для дзяцей. Казка “Залатая рыбка”, камедыя “Боінг-Боінг-Боінг” вытрымалі па 50 паказаў — для абласнога цэнтра гэта многа. Цяпер у трупе шмат таленавітай моладзі, прыемна назіраць, як з кожным спектаклем яна творча мацнее, расце. Людзям тэатра што трэба? Увага, словы ўхвалы, калі ў іх штосьці атрымалася.
— А памятаеце сваю самую нязвыклую падзяку?
— Яшчэ як! Ішоў у нас “Айбаліт і Бармалей”. Адмоўным персанажам быў я. Дык у самы драматычны момант нейкі хлапец выбег з залы на сцэну, ухапіў паралонавую “бомбу” і аддубасіў мяне як след па галаве. А я падумаў: значыць, паверыў!
— Безумоўна! Дарэчы, у вас і дзве значныя ўласныя даты: 35 гадоў, як вы прыйшлі ў гэты калектыў артыстам, і 10 — на пасадзе мастацкага кіраўніка.
— Прыйшоў сюды пасля арміі, і ўсё, што мне далі старэйшыя калегі, зберагаю і перадаю маладым. Калі прызначылі мастацкім кіраўніком, спачатку было страшна. Але мне сказалі мудрыя словы: “Пагодзішся — будзеш шкадаваць, не пагодзішся — пашкадуеш таксама. Дык лепей пагаджайся! Бо не паспрабуеш — не зразумееш”. Галоўнае на любой пасадзе — браць на сябе адказнасць. І ўмець дамаўляцца. Словам можна вырашыць любыя пытанні, не даводзячы іх да адкрытага канфлікту. Так што добра, што ў нашым жыцці ёсць тэатр. Што там працуюць добрыя людзі. І хочуць дзяліцца з астатнімі ўсім тым добрым, светлым, прыгожым, мудрым, што нясе нам мастацтва. Бо тэатр прызваны ствараць! Ва ўсе часы, нягледзячы ні на якія перашкоды.
Источник: Культура і мастацтва
Автор: Надзея Бунцэвіч
Фото: Архів героя і тэатра