ЗЛАЧЫНСТВА І… ПАКАЯННЕ
Гомельскі абласны драматычны тэатр завяршыў 86-ы сезон прэм’ерай “Злачынства і пакарання” паводле аднайменнага рамана Ф. Дастаеўскага. Спектакль атрымаўся эксперыментальным — ставіў яго Раман Габрыа з Санкт-Пецярбурга.

Цікавасць публікі — вялізная. Квіткі на два вячэрнія паказы разышліся літаральна за лічаныя гадзіны. Дырэкцыя тэрмінова дадала трэці — начны. Але і на яго змаглі патрапіць далёка не ўсе жадаючыя. Яно і зразумела, бо гэта ўжо чацвёртая творчая праца знакамітага рэжысёра ў Гомельскім драмтэатры. Дагэтуль былі “Маленькія трагедыі. Пушкін”, адзначаныя на міжнародных фестывалях “Смаленскі каўчэг” і “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, гогалеўскі “Нос маёра Кавалёва”, што атрымаў адразу два дыпломы ў Бранску, чэхаўскі “Іванаў. Рускі Гамлет”, запрошаны ў новым сезоне ў Разань на форум “Спатканні на Тэатральнай. Сям’я”. Цяперашняя прэм’ера, упэўнена, таксама не застанецца па-за ўвагай замежнай мастацкай грамадскасці.
“ЛІХІЯ 90-Я”
Вядома, укласці ўвесь раман у двухгадзіннае дзеянне немагчыма. Ды і навошта? Зрабіўшы ўласную інсцэніроўку, Р. Габрыа вымушае гледачоў паразважаць над тым, што хвалявала вялікага пісьменніка. А менавіта над прыродай злачынства, здзейсненага пад уплывам філасофскай тэорыі пра падзел людзей на звычайных і тых, хто можа дазволіць сабе чужыя ахвяры дзеля добрай, здавалася б, мэты выратавання чалавецтва. Гледачы змяшчаюцца побач з артыстамі і таму становяцца галоўнымі сведкамі ўсяго, што адбываецца не толькі навокал, але і ў душы персанажаў.
Асаблівую актуальнасць надаў перанос дзеяння ў 1990-я, калі складзеная раней сацыялістычная сістэма дала нечаканы, але цалкам лагічны, пры ўліку гістарычных рэалій, збой. Атрымалася і абсалютна новая, і да дробязей вядомая са школьнай праграмы гісторыя, дзе пра забойства гаспадыні прыватнага кааператыва мы даведваемся з тэлевізійных навін.
Раскольнікаў стаў куды старэйшым: тут ён юрыст па адукацыі, навуковы супрацоўнік дзяржуніверсітэта, звольнены па скарачэнні штата. І сваю тэорыю выклаў у артыкуле, надрукаваным у часопісе. Сонечка Мармеладава ператварылася ў Соф’ю — грамадзянскую жонку Радзівона, што сыходзіць ад яго да тэатральнага рэжысёра (такі вось змрочны гумар). На сцэне яна так і не з’явіцца, а ў тэлефоннай размове і міліцэйскім аўдыязапісе гутаркі з ёй мы пачуем голас гукарэжысёра Сняжаны Цуранавай. Да следчага дадасца малодшы лейтэнант Саша. Значную долю сцэнічнага часу атрымаюць маляры Мікалай і Дзмітрый (апошняга, як і ў рамане, спачатку падазраюць у забойстве старой). Інфарматарам стане прыватны прадпрымальнік, што вырабляе скураныя паліто.

НА ДАРОЗЕ ЖЫЦЦЯ
Сцэнічная прастора — усяго толькі доўгая дывановая дарожка, што адразу асацыюецца з жыццёвым шляхам. Тымі ж сімваламі дарма сыходзячага жыцця, што бяжыць-праносіцца міма, напачатку становіцца ціканне гадзінніка. Потым — скокі праз гумку, як у дзіцячай гульні, асабліва папулярнай у 1980-я. Бліжэй да фіналу — грукат цягніка, што адначасова вядзе да “Ідыёта” Дастаеўскага.
Тры розныя лакацыі — тры розныя светы (мастак — Таццяна Стысіна). На адным баку — матчын пакой з канапай, трумо, сталом і крэсламі. На другім — кабінет следчага, побач краты. Па цэнтры пазней з’явяцца нейкія лахманы, што створаць абрысы піцерскай кватэры Раскольнікава, якую двойчы параўноўваюць з труной.

Удала скарыстаны і паралельнае дзеянне, і прыёмы кінамантажу, калі позірк гледача імгненна пераносіцца на новую пляцоўку, і гіперрэалізм, дзе вагу мае кожная дробязь. Як і заўжды ў Р. Габрыа, вялікую ролю адыгрывае святло. Песні ўспрымаюцца не ўстаўнымі нумарамі ці музычнымі ілюстрацыямі, а яшчэ адным сюжэтным разгортам, які ўзмацняе і дапаўняе асноўны дадатковай філасофскай лініяй “між мінулым і новым”, як спяваецца ў канцы. Цэнтральнай становіцца ідэя пакаяння, што скразной тэмай праходзіць праз лёсы ўсіх дзейных асоб.

РЭЖЫСЁРСКАЕ АКЦЁРСТВА
Спектакль у поўнай меры атрымаўся рэжысёрскім, з ярка выяўленымі аўтарскімі варыяцыямі паводле рускай класікі. Але гэтак жа ўпэўнена і абгрунтавана яго можна назваць акцёрскім: пастаўлены на адзіны склад артыстаў, ён быў бы немагчымым без іх творчых індывідуальнасцей. Ці прынцыпова іншым, калі разлічваўся б не на іх.

Марафон маральнай дуэлі Парфірыя Пятровіча (Юрый Марціновіч) з Радзівонам Раскольнікавым (Сяргей Юрэвіч) адцяняе трагедыя маці апошняга — Пульхерыі Аляксандраўны (Таццяна Ганчарова). Кульмінацыяй спектакля становіцца яе размова з сынам, душа якога прызнаецца ў забойстве.
Ярка намаляваны характары быццам бы другасных персанажаў. 22-гадовага маляра Міколку з яго запамінальным смехам, што гучыць не заўсёды да месца, непераўзыдзена ўвасабляе сталая Яўгенія Канькова. Разам з высозным напарнікам (Дзмітрый Цясляк) яны ўтвараюць сапраўдны клаўнадны дуэт, драматычны па сваёй сутнасці.
Яшчэ адной характарнай роллю ў скарбонцы мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Лагуценкі становіцца прадпрымальнік па мянушцы Скура з усходнім акцэнтам і тэмпераментам. Нават бязмоўны Саша (Гіёргі Чантурыя, які разам з Аленай Сакаловай выступаў памрэжам пастаноўкі) надзелены пазнавальнымі рысамі, побытавымі звычкамі. Бо ўсе яны не дэкларуюць ідэі праз вымаўленне тэксту і нават не іграюць, а пражываюць адрэзак жыцця сваіх герояў, імправізійна займаючыся тымі ці іншымі справамі.

Пры такім рэжысёрскім падыходзе, калі многія знаходкі нараджаюцца эцюдным метадам, на першым плане аказваецца асоба. Ці ж не пра гэта і ўвесь спектакль? Пра каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця і, пры ўсіх пакутах, важнасць любога яго імгнення.
27 августа 2025 года
Источник: Культура і Мастацтва (газета «Культура» № 33 / 15 ЖНІЎНЯ 2025 г.)
Надежда Бунцевич
Фото: Владимир Ступинский


