Дорым шчасце тэатра

Адкрыты фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы” разгорнецца з 20 па 24 мая ў горадзе над Сожам. Пра традыцыі і навінкі форуму, а таксама пра прэм’еры Гомельскага абласнога драматычнага тэатра распавядзе яго нядаўна прызначаны дырэктар Алена Шошына.

— Алена Мікалаеўна, якія асаблівасці мае сёлетні форум?

— Штогод ён будзе праходзіць пад новым дэвізам. Слоган — “Тэатр дорыць шчасце!”. Ці ж гэта не так? Другая асаблівасць — няма конкурснай праграмы, толькі гасцявая. Так, мы ўпершыню адмовіліся ад журы, але запрасілі экспертаў, каб пасля кожнага спектакля прайшло яго прафесійнае абмеркаванне — разам з пастаноўшчыкамі, артыстамі, іншымі зацікаўленымі. Апошнім часам у Расіі, якую мы часцяком наведваем, такі падыход становіцца трэндам. Вельмі важна, каб тэатры не канкурыравалі між сабой, а натхнялі адзін аднаго, маглі насалодзіцца добразычлівай, сяброўскай атмасферай. На такія сустрэчы збіраюцца найлепшыя творчыя працы — дык хай яны застаюцца найлепшымі сярод роўных, без ценю спаборніцтва. Разам з тым мы не збіраемся адмаўляцца ад многіх іншых добрых традыцый, якія форум назапасіў за гады свайго існавання, пачынаючы з 1989-га. Яго місія — падтрымліваць культурныя сувязі між славянскімі народамі, акцэнтаваць тое, што нас яднае. Пераймаць вопыт, развіваць мастацтва. Адна з традыцый — правядзенне фестывалю паралельна, і ў нас, і ў суседзяў. Таму 17 мая мы рушым у Бранск, дзе таксама праходзяць “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Едзем са спектаклем “Злачынства і пакаранне” ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Паўдзённай Асеціі Рамана Габрыа, з якім наш тэатр супрацоўнічае ўжо некалькі гадоў.

— Гэты ж спектакль вы толькі што паказвалі ў СанктПецярбургу?

— Так, на Міжнародным фестывалі “Лофт”, вярнуліся літаральна днямі. Вядома, хваляваліся, бо публіка там звышдасведчаная, шмат чаго бачыла. І розных увасабленняў гэтага рамана Дастаеўскага таксама наглядзелася! А пасля ўзнік сапраўдны гонар за калектыў, яго прафесіяналізм, майстэрства і самааддачу. Шчырыя словы падзякі выказвалі і знаўцы тэатра, і самі піцерскія артысты. Усе былі вельмі ўражаныя нашым сумленным і пранізлівым спектаклем, гаварылі, у іх камяк у горле стаяў. Адзначалі, наколькі трапным быў перанос дзеяння ў 1990-я. І як гэта абвастрыла і без таго вострыя тэмы, што не губляюць сваёй актуальнасці. Наколькі мэта апраўдвае сродкі? Ці можна нават у самай складанай сітуацыі не страціць чалавечнасць, спагаду да людзей. этыя пытанні тычацца не толькі мінулых стагоддзяў, яны застаюцца вечнымі.

— Пастаноўку вы ўключылі і ў свой цяперашні фестываль. Што яшчэ можна будзе ўбачыць на “Славянскіх тэатральных сустрэчах”? Што карыстаецца найбольшым попытам у гледачоў?

— Праграма, як заўжды, разнастайная. Аншлагі чакаюцца практычна на ўсіх паказах. Першымі разышліся білеты на “Пікавую даму” Кіраўскага тэатра, ён прыедзе да нас упершыню. Устойлівую ўвагу выяўляе публіка і да нашага “Злачынства і пакарання”, які ў рэпертуары з канца мінулага сезона. Адкрывае фестываль Бранскі тэатр пастаноўкай “Лесу” Аляксандра Астроўскага. Там закранаецца праблематыка тэатральнага свету, добра выкарыстаны сінтэз мастацтваў і, у прыватнасці, жывая музыка, чым бранскі калектыў увогуле славіцца. Урачыстае ж адкрыццё з перформансам “Жывыя скульптуры” ў скверы папярэджваецца дзённым паказам — “Ладдзі роспачы” з Мазыра, таксама ўключанай у праграму. Заўважу, на нашым фестывалі багата прадстаўлены не толькі расійскія калектывы (будзе яшчэ сустрэча-дыялог з актрысай Марыяй Парошынай), але і айчынныя, прычым з беларускімі творамі. Уладзімірам Караткевічам справа не абмяжоўваецца! З Бабруйску прывязуць “Ядвігу” па аднайменнай п’есе Аляксея Дударава. Яшчэ адну нядаўнюю прэм’еру чакаем з Гродна — “Чорт і баба”, дзе шмат інтэрактыву. Нацыянальны каларыт там увасоблены не толькі беларускай мовай і пастаноўкай Вольгі Багдановіч, якая ўзначальвае калектыў, але і выкарыстаннем у сцэнаграфіі дываноў Алены Кіш, легендарнай майстрыхі інсітнага мастацтва.

— Можа, раскажаце і пра свае прэм’еры?

— Да жаночага свята наш даўні сябра, заслужаны артыст Расіі Валянцін Варэцкі выпусціў спектакль “Тры жонкі дасканаласці”, 14 і 15 мая — першыя паказы “Рамантыкаў” Эдмона Растана.

Сучасную інтэрпрэтацыю гэтай вядомай французскай п’есы прапанавала малады маскоўскі рэжысёр Надзея Дзергунова — яе дыпломная работа. У канцы ліпеня да закрыцця сезона чарговую прэм’еру ажыццявіць Раман Габрыа. Яго пастаноўкі мы багата возім па Расіі, паўсюль з неверагодным поспехам. “Маленькія трагедыі” пабывалі ў Смаленску, Сергіявым Пасадзе, Санкт-Пецярбургу, “Нос” — у Бранску, “Іванаў” — у Разані.

— Што, на вашу думку, трэба зрабіць для далейшых поспехаў калектыву? Вы ўзначалілі яго паўгода таму ў снежні, дагэтуль былі дырэктарам Гомельскага маладзёжнага. Дык што такое тэатр для вас?

— Шчасце. Цікавілася ім з дзяцінства, любіла літаратуру, музыку, пазней скончыла Універсітэт культуры і мастацтваў. І калі праз нейкі час прыйшла ў наш Маладзёжны намеснікам дырэктара, канчаткова зразумела: гэта маё. Бо тэатр — гэта дыялог: драматурга і рэжысёра, рэжысёра і артыстаў, артыстаў і гледачоў. Сёння кожнай трупе даводзіцца балансаваць між уласна мастацтвам і бізнеспраектам. Але гэтыя сферы ўзаемазвязаныя — і не толькі праз камедыйныя жанры. Тэатр павінен чапляць струны душы, уключаць уяўленне, задаваць пытанні, каб кожны шукаў-знаходзіў адказы. І трэба адпавядаць сучасным тэндэнцыям!

 

15 мая 2026 г.
Источник: Культура і Мастацтва
Автор текста: Надежда Бунцевич