Славянскі фестываль

«Славянскія тэатральныя сустрэчы» гэта найстарэйшы ў Беларусі міжнародны тэатральны фестываль. Яго асаблівасцю з’яўляецца паралельнае правядзенне ў розных краінах. Вось і цяпер: 20-24 мая форум 16-ы раз прайшоў у беларускім Гомелі, 15-24 таго ж месяца 27-ы раз у расійскім Бранску.

«…СУСТРЭЧЫ» Ў РОЗНЫХ ГАРАДАХ

Частата правядзення ў кожнай краіне свая, таму і нумарацыя розная. А сёлета ўпершыню ўзнікла яшчэ і адрозненне ў статусе. У Расіі фестываль, як і раней, лічыцца міжнародным. Беларусы ж сціплыя і чамусьці перайменавалі яго ў Адкрыты рэгіянальны. Магчыма, хацелі падкрэсліць, што праходзіць ён не ў сталіцы і яднае дзяржаўныя тэатры найперш абласнога, гарадскога падпарадкавання. Але ў выніку ўзнікла непаразуменне: быццам наш форум менш значны, чым яго расійская частка. Крыўдна, бо гэта зусім не так! I дадатковае сведчанне — тыя шматлікія прэміі і прызы, што атрымалі абодва нашы тэатры, якія ўдзельнічалі ў Бранскім фестывалі. Прычым спаборнічалі яны ў галіне не буйной, а так званай малой формы, дзе заўжды квітнее эксперыментатарскі дух, што рухае мастацтва наперад. I прывезлі ў Беларусь ажно шэсць прэмій з сямі магчымых!
Незвычайныя «Гульцы» паводле аднайменнай п’есы Мікалая Гогаля, пастаўленыя ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры не як рэалістычная драма, а як містычны трылер, камедыя абсурду, перамаглі ў намінацыі «Найлепшы акцёрскі ансамбль». А гомельскае «Злачынства і пакаранне» паводле рамана Фёдара Дастаеўскага было ўганараванае адразу пяццю лаўрэацкімі дыпломамі: «Найлепшы спектакль малой формы», «Найлепшая рэжысура» (заслужаны дзеяч мастацтваў Паўдзённай Асетыі Раман Габрыа, які супрацоўнічае з Гомельскім абласным драматьгчным тэатрам), прыз глядацкіх сімпатый, «Найлепшая мужчынская роля» (следчы Парфірый Пятровіч у выкананні Юрыя Марціновіча), спецыяльны прыз «За шматграннасць і глыбіню сцэнічнага вобраза Радзівона Раманавіча Раскольнікава» (Сяргей Юрэвіч).
На цяперашнім фестывалі ў Гомелі гэты спектакль зрабіў не меншы фурор. Гэта мог быць безальтэрнатыўны, безумоўны, аднагалосны гран-пры! Але ж на нашых «Сустрэчах» сёлета вырашылі адмовіцца ад конкурснай стратэгіі: лаўрэатамі сталі ўсе 10 пастановак, што былі ўключаныя ў праграму пасля папярэдняга адбору. Затое кожная — са сваёй фармулёўкай.

 

МАСТАЦТВА СЭНСУ

Вядома, у кожнай фестывальнай працы ёсць свая разыначка. Цікава, што адразу некалькі спектакляў былі накіраваны да рэалізму ў розных яго праявах. «Ладдзя Роспачы» Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа ў версіі актрысы і рэжысёра Святланы Джаліевай мела нават жанравае азначэнне «містычны рэалізм».
Сыходзячы са сваіх сцэнічных і фінансавых магчымасцей, калектыў не імкнуўся забяспечыць містыку, закладзеную ўжо самой аповесцю Уладзіміра Караткевіча, на ўзроўні Галівуду. Яна ўзнікала хіба праз простыя светлавыя змены. Але самы ўражлівы, багаты строй (мастак Юлія Бобр) і папраўдзе каралеўскія манеры былі не ў Боны Сфорцы, часам падобнай да крыклівай бой-бабы, а ў маўклівай Смерці (Валянціна Рослікава). Ды ўсё ж у цэнтры апынуўся не яе праславуты шахматны паядынак з Гервасіем Вылівахам (Анатоль Бычкоўскі), а супрацьстаўленне дзвюх жыццёвых формул: атрымліваць радасць ад кожнай хвіліны свайго зямнога шляху «тут і цяпер» — ці чакаць шчасцейка ў далейшым, па прынцыпе «адкладзенага жыцця», пра што б’юць трывогу сучасныя псіхолагі. I разгортвалася ўсё гэта на фоне рэзкага пластычнага кантрасту між яркімі чалавечымі індывідуальнасцямі і натоўпам з яго д’ябальскімі канвульсіямі (пластыка Ганны Сачанка).
Курс на максімальна рэалістычнае адлюстраванне эпохі ўзяў «Старшы сын» Смаленскага дзяржаўнага акадэмічнага драмтэатра імя А. Грыбаедава, пазначаны як «савецкая камедыя». П’еса Аляксандра Вампілава ў свой час абышла безліч тэатраў вялізнай краіны і атрымала годную экранізацыю. А цяпер перажывае новы віток пастаноўчых рашэнняў — да прыкладу, у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, дзе рэжысёр Таццяна Аксёнкіна сумясціла меладраму з абрысамі мастацкай умоўнасці. Смаленскі ж калектыў настойваў на праўдзе жыцця, але часавыя межы ўсё роўна аказаліся парушанымі, як у болышасці цяперашніх расійскіх серыялаў пра мінулыя дзесяцігодцзі. I сістэма Станіслаўскага, пра якую так дбаў мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Бехцераў, часам знікала. Адметнасцю стала сцэнаграфія, цалкам вытрыманая ў параметрах часу. Прычым яе аўтарам выступіў наш Юрый Саламонаў — галоўны мастак РТБД. Яшчэ адной безумоўнай рысай рэалізму стала тое, што Сяргей Цюлін у ролі Сарафанава жыўцом граў на кларнеце. I не таму, што ў маленстве вучыўся музыцы. ўсё акурат наадварот: выкладчыкі дзіцячай музычнай школы пачалі з ім займацца толькі напярэдадні прэм’еры.
«Злачынства і пакаранне» Гомельскага абласнога драматычнага тэатра здзіўляла не проста рэалізмам, а менавіта гіперрэалізмам, так запатрабаваным сёння ў мастацгве. Дзеянне перанесена ў 1990-я, гледачы змешчаны не ў зале, а наўпрост на сцэне, да артыстаў рукой дастаць можна. Усё гэта — даволі распаўсюджаныя цяпер прыёмы. Сучасным спектакль робіць не іх наяўнасць, а тое, як яны скарыстаныя. Бо гіперрэалізм з яго не муляжамі, а сапраўднымі тагачаснымі рэчамі памножаны тут на глыбокую мастацкую канцэпцыйнасць, дзе любая дробязь сімвалічная і выклікае бясконцыя ланцужкі асацыяцый. Гледачы сядзяць паабапал доўгай чырвонай дарожкі, якая раней была ледзь не ў кожнай установе, а тут становіцца таксама сімвалам жыццёвага шляху, лёсу, што застаецца вечнай праблематыкай яшчэ з часоў антычнасці. На адным канцы той дарожкі-сцяжынкі — маці Раскольнікава (ТаццянаГанчарова), якая ў пэўны момант узрастае да постаці Божай маці, а пакуль існуе ў звыклым хатнім інтэр’еры: слухае радыё, намагаецца дазваніцца да сына, снедае, цыруе старую кофту. Хіба белыя фіранкі, бы сімвал нядобрых прадчуванняў матчынай душы, трапечуць трывогай. На другім полюсе — старшы следчы Парфірый Пятровіч (Юрый Марціновіч) у звыклых працоўных абставінах: робіць зарадку, нават скача праз нацягнутыя гумкі (памятаеце гэтую дзіцячую забаву?), уключае тэлевізар, дзе сярод рэальных навін паведамляюць і пра забойства ў ламбардзе. Атрымліваецца, з аднаго боку, сямейны прытулак, што падсілкоўвае духоўнай моцай, а з другога — працоўная кар’ера, улада. Глядач, што становіцца нявольным сведкам і саўдзельнікам, сам вольны абіраць, калі і ў які бок глядзець, за кім сачыць.
А паміж названымі полюсамі — усе астатнія героі. Былы навукоўца Расколынікаў — аўтар тэорыі асаблівых людзей, які трапіў пад скарачэнне штатаў (Сяргей Юрэвіч). Прыватны прадпрымальнік «Скура», што стаў інфарматарам (каларытны, як святочны стрэл шампанскага, Сяргей Лагуценка). Маляры Дзмітрый (Дзмітрый Цясляк) і Мікалай, 22 гады па дакументах (непераўзыдзеная Яўгенія Канькова), — гэткія Тарапунька і Штэпсель па сваім росце і камплекцыі, што становяцца падазраванымі. А таксама старанны лейтэнант, які трапляе пад раздачу (Гіоргі Чантурыя, да ўсяго — памочнік рэжысёра). Кожны са сваім наборам праўды і хлусні, камізму і болю, эмпатыі і абыякавасці. ўсе яны — безабаронныя маленькія людзі, тыповыя для рускай культуры. Скарыстаныя няўмольным гістарычным працэсам — і выплюнутыя на яго ўзбочыну. Невыпадкова адным з візуальных лейтматываў становяцца скарыстаныя пакецікі — поліэтыленавыя, што разгладжвае і складае маці, і з-пад гарбаты, якія захоўвае для новай заваркі Раскольнікаў.
У выніку спектакль распавядае не столькі пра злачынства і пакаранне, бо абедзве гэтыя з’явы вынесеныя за дужкі сцэнічнай дзеі, колькі пра раскаянне і пакаянне, сусветны боль і такую ж усёабдымную чалавечнасць. Такому павароту адпавядае і праграмка, выява на якой асацыюецца са сцяной плачу ў Іерусаліме.

 

ПРАСТОРА ГУЛЬНІ

На адкрыцці паказвалі «Лес» заўсёдніка гомельскага форуму і аднаго з заснавальнікаў міждзяржаўных «Славянскіх сустрэч» — Бранскага тэатра драмы імя А. Талстога. Вядомая п’еса Аляксандра Астроўскага была вырашана менавіта як камедыя і атрымала жывое музычнае суправаджэнне, цікавую сцэнаграфію з мапай наваколля, дзе пасля продажу лесу з’яўляюцца вырваныя кавалкі, з шыльдачкамі-стрэлкамі «У Керч», «3 Керчы» і падобныя. А над усім панавала тэатральнасць — з вясёлым нязмушаным інгэрактывам, імправізацыйнасцю, асаблівай энергетыкай фестывальнага запалу.
Шмат інтэрактыву было і ў камедыі «Чорт і баба» Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Невялічкую аднаактоўку пачатку мінулага стагодцзя пашырылі працяглым уступам і шчаслівым, насуперак арыгіналу, фіналам. Калі п’еса пачынаецца са з’яўлення Чорта, якому ніяк не ўдаецца пасварыць мужа з жонкай, дык спектакль адкрывае Баба. Гутарыць з гледачамі, жартуе, сыпле прыказкамі-прымаўкамі. Ідзе ў залу, раздае шыльдачкі з надпісамі: «Апладысменты», «Цалуй давай», «Адыдзі». Распавядае, што выкарыстоўваць іх можна ў любы момант, зыходзячы са сцэнічнай сітуацыі і ўласнага настрою. I што астатняя публіка таксама павінна рэагаваць: пляскаць у далоні, крычаць артыстам, каб цалаваліся.
На сцэне — традыцыйны інтэр’ер вясковай хаты з печчу пасярэдзіне. На задніку, у афішы, праграмках скарыстаны маляванкі Алены Кіш. Чорт (Валерый Бабкін) — па-шляхецку інтэлігентны, у чырвоным футры, з такімі ж чырвонымі рожкамі. Ды і маладыя Марыська з Мікіткам (Дар’я Валошка, Мікіта Сукач) — па-беларуску сціплыя, лагодныя, ходзяць дома ў мяккіх цёплых шкарпэтках (ідэалізаваная чысціня!). Ці ж могуць такія героі пасварыцца назаўжды? Ды яшчэ з нейкай недарэчнасці! Таму і заканчваецца спектакль не д’ябальскімі жартамі, а ціхай перамогай кахання.
Пачынаецца ж сюжэт з вяселля, што адбываецца дзесьці ў закуліссі. Баба, як было заведзена ў даўніну, рыхтуе шлюбны ложак — з замовамі-пажаданнямі, частка якіх калісьці была падслухана ў народнага артыста Беларусі Міхася Дрынеўскага. Пастаноўшчыкамі выступілі Аксана Машынкова, якая нязменна ўвасабляе Бабу, і дырэктар тэатра Вольга Багдановіч, якая раней спецыялізавалася на рэжысуры народных святаў. Не спектакль, а мора пазітыву, выкліканага фальклорнай абрадавасцю, гумарам, інтэрактывам, танцамі (балетмайстар Яўген Якуш). Да музыкі Арцёма Багдановіча дададзены падабраныя Анатолем Кандыбам замежныя фрагменты — і гісторыя вырульвае на абсяг архетыповай. Яна не пра тое, як пасварыць закаханых. А пра тое, што трэба верыць сваім блізкім, а не нейкім плёткам.
Моц кахання ўслаўляла і «Ядвіга» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску. П’еса Аляксея Дударава, якую паставіла на той час яшчэ студэнтка нашай Акадэміі мастацтваў Ганна Мацюшкова, атрымала значныя змены. Выдатным ходам стала далучэнне адсутнага ў тэксце персанажа — Любаславы (Аліса Юшкевіч), якая паўстае гэткім містычным «двайніком», альтэр эга Ядвігі (Віталіна Лебедзева). Фінал зменены: гераіня прымае смяротнае пакаранне не праз уціск Гетмана, а з уласнае волі. Бо кахае насамрэч. За час, што мінуў пасля прэм’ еры летась у верасні, спектакль узмацнеў, пасталеў. I стаў адным з упрыгожанняў фестывалю.
Запрошаныя на форум расійскія эксперты былі вельмі ўражаны таксама фантасмагорыяй «Русалка» Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра ў пастаноўцы рэжысёра нашага ТЮГа Таццяны Самбук (гл. «Мастацтва» № 11 за 2024 г.): незавершаная паэма А. Пушкіна атрымала сучаснае ўвасабленне, прывабнае ддя падлеткаў і моладзі.
«Страшныя казкі» Гатчынскага ТЮГа (Расія), дзе перамяшаны сцэны з пяці трагедый Уільяма Шэкспіра, таксама прызначаліся для школьнікаў, пачынаючы з сярэдніх класаў. Дзіцячы ж спектакль быў толькі адзін — «Пра Вожыка і Медзведзяня, або Як злавіць воблака» Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек. Рэжысёр Яна Янчык паспрабавала злучыць матывы казак Сяргея Казлова, пераважна амаль бессюжэтных, у болып звыклую канву, дзе сябры разам з Зайцам ратуюцца ад Ваўка. Але навошта? Засяроджаная бессюжэтнасць, памножаная на спасціжэнне навакольнага свету, уменне назіраць за прыродай і радавацца кожнай зорачцы на небе — адзін з сучасных мастацкіх трэндаў. Бо ў час паскоранага мільгацення навін так хочацца спыніцца — і парадавацца прыгажосці.
Завяршэннем форуму стала містычная драма «Пікавая дама» Кіраўскага драмтэатра імя С. Кірава, упрыгожаная гістарычнымі касцюмамі. У інсцэніроўцы з’явіўся гэткі прыквел вядомай гісторыі: першая дзея з яе запаволеным метрарытмам адбываецца ў XVIII стагоддзі і распавядае пра маладую графіню Томскую. А яшчэ пра Францыю напярэдадні рэвалюцыі — разам з каралевай Марыяй-Антуанетай і герцагам Арлеанскім. Уласна аповесць А. Пушкіна пачынаецца толькі ў другой дзеі. Прычым пушкінскіх тэкстаў — мінімум. Асноўнае месца займаюць дададзеныя маналогі, што тлумачаць унутраны стан героя. Сінтэз жанраў ахапіў абрысы оперы і араторыі — не толькі з музыкай, але і з франтальна застылымі мізансцэнамі.
Апроч спектакляў, фестываль утрымліваў сустрэчу-дыялог «3 чыстага аркуша», праведзеную заслужанай артысткай Паўдцёвай Асетыі Марыяй Парошынай. Зорка расійскіх серыялаў расказвала не толькі пра сябе і дзяцей, але і пра свайго дзядулю Пятра Філіпава, які шмат гадоў працаваў у Гомельскім драматычным тэатры разам з другой жонкай Людмілай Сторажавай, быў заняты ў тытульных ролях ледзь не ўсяго рэпертуару. А ўнутры сустрэчы адбыўся яшчэ і вынаходлівы майстар-клас ад старэйшай дачкі Парошынай — актрысы і педагога Паліны Куцэнка. Маглі паўдзельнічаць і самі гледачы, на розны манер паўтараючы словы прывітання і падзякі.

Дзякуй, фестываль! I да сустрэчы на 17-м — праз тры гады.

 

29 июня 2026 г.
Источник: Культура і Мастацтва
Автор текста: Надежда Бунцевич
Фото: Владимир Ступинский, Гомельский облдрамтеатр