Да наступных сустрэч (фрагмент артыкула)

Заслона апускаецца, але не для таго, каб скончыць гісторыю, а каб даць гледачу час перавесці дух да наступнага спектакля. Утэатрах — пара падвядзення вынікаў сезона. Адны калектывы святкуюць закрыццё гучнымі прэм’ерамі, іншыя зрываюць авацыі на фестывалях, а трэція ўжо жывуць планамі на восень. Прабяжымся па сцежках творчасці і даведаемся крыху пра трыумфы Гомеля, Маладзечна і Магілёва.

ЗАМЕСТ ФІНАЛУ — ГУЧНЫ СТАРТ
У Гомельскім абласным драматычным тэатры 87-ы сезон закрылі дзёрзкім творчым эксперыментам. У апошні дзень працы на сцэне адбылася вечарына “Тэатральны цуд”. Гледачы ўбачылі эскізы спектакляў, якія нарадзіліся ў лабараторыі маладых рэжысёраў. Праект створаны пры ўдзеле Саюза .тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі. Тут і абсурдная “Лысая спявачка” Іанэска ў версіі пецярбуржца Філіпа Зарэцкага, і містычны “Цуд святога Антонія” Метэрлінка ад масквіча Сяргея Валікава. Фіналам імпрэзы стаў урачысты выхад усёй трупы і традыцыйнае “УСЁ!”. За гэтым словам — уражальныя вынікі. Пяць свежых прэм’ер папоўнілі сёлетні рэпертуар тэатра: ад Мальера і Растана да дзвюх дзіцячых казак.

«Лысая спявачка». Гомель

Важкія здабыткі і з фестывальных франтоў. Гамяльчане засвяціліся на “Белай Вежы” ў Брэсце і на пецярбургскім фэсце “ЛОФТ”, а галоўны ўлоў — з бранскіх “Славянскіх тэатральных сустрэч”. Адтуль прывезлі адразу пяць лаўрэацкіх дыпломаў! I ўсё — за адзін спектакль, “Злачынства і пакаранне”. Ён узяў намінацыю “Найлепшы спектакль малой формы”, забраў узнагароды за рэжысуру (Раман Габрыя) і за мужчынскую ролю (Юрый Марціновіч), а Сяргей Юрэвіч атрымаў спецыяльны прыз за сваю версію Раскольнікава. Да ўсяго і “Прыз сімпатый гледачоў”, даражэйшы за любыя экспертныя адзнакі.

Але сезон запомніцца не толькі ўзнагародамі. У маі Гомельскі абласны драматычны тэатр сам быў гаспадаром буйнога форуму — Адкрытага фестывалю “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Пяць дзён яго сцэну дзялілі калектывы з Мазыра, Бранска, Гатчыны, Смаленска, Бабруйска, Кірава і Гродна. Тэатр выступіў арганізатарам — і з гэтай роляй справіўся бліскуча.

Наступны сезон, 88-ы па ліку, стартуе магутна ўжо 17, 18 і 20 верасня — прэм’ерай драмы Аляксея Дударава “Вечар” у пастаноўцы маэстра Валерыя Анісенкі. У галоўных ролях — зорны склад: заслужаны артыст Юрый Фейгін, Аляксей Бычкоў, Галіна Вевер, Таццяна Зміцюра, Уладзіслаў Карака. I гэта толькі першы акорд: да Новага года тэатр абяцае гледачам яшчэ не адну прэм’еру.

07 августа 2026 г.
Источник: Культура
Автор текста: Ирина Слижевская