СТРАЧАНЫ РАЙ СТАЛЕННЯ
РЭЦЭНЗІЯ
«РЫБА МАЁЙ МАРЫ» ПАВОДЛЕ АЛЕНЫ ІСАЕВАЙ У ГОМЕЛЬСКІМ АБЛАСНЫМ ДРАМАТЫЧНЫМ ТЭАТРЫ
Нястрымная весялосць, што ператвараецца ў слёзы…» — рэжысёрскі дэбют на прафесійнай сцэне Данілы Філіповіча, які вось-вось атрымае дыплом Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва (РАТИ). Фактычна гэта ягоны дванаццаты спектакль, бо колькі гадоў у Мінску існуе аматарскі тэатр «Адкрытая прастора», дзе ён безупынна абнаўляе рэпертуар, дый студэнцкія пастановачныя спробы трывала адклаліся ў творчы досвед. Узяўшы п’есу Алены Ісаевай «Пра маю маму і пра мяне», Даніла нейкім чынам апавёў і пра свой шлях у прафесію. Прыкладам, адметныя пластычныя і харэаграфічныя сцэны, як і сцэнічнае афармленне са шматлікім рэквізітам, нават не запатрабавалі адмыслоўцаў — рэжысёр упэўнена справіўся з імі, бо адпаведную спанатранасць набываў з ранняга юнацтва.
…Маладая кабета вяртаецца да мясціны, дзе гадавалася, перажывала падлеткавыя мітрэнгі, рабілася дарослай. Яна спадзяецца, што згадкі дапамогуць паразумецца з сабою, разабрацца ў пачуццях. Але нікога з родных ды знаёмых ужо не засталося, і яна мусіць распытваць-перапытваць самую сябе. Яна як галоўны персанаж нібыта падвоеная, бо ролю адначасова выконваюць Вера Грыцкевіч (сённяшняя, сучасная, якая згадвае) ды Ірына Кубліцкая (тая, з мінулага, якую згадваюць). Бывае, што яны ўсё адно як блытаюцца ў часе, падмяняюць адна адну, удакладняюць дзеянні альбо двойчы перажываюць падзею (з розных гледзішчаў): рэжысёр, карыстаючыся такім няпростым прыёмам, акрэслівае шлях і сутнасць чалавечага сталення. Высвятленню мінулага, вылучэнню стоеных падзейных спружын алегарычна адпавядае і адкрытая прастора сцэны з аголенымі сценамі і выхадамі – адтуль з’яўляюцца і туды выслізгваюць персанажы.Як з памяці.
Вонкава пастаноўка Данілы Філіповіча як быццам увасобіла Шэкспіраў радок з «Буры», чый празаічны пераказ выглядае так: «Мы створаны з таго самага рэчыва, што й нашы сны, ды сном агорнута ўсё нашае маленькае жыццё», — бо падзеі згрупаваныя і выкладзеныя менавіта такімі, якімі засталіся ў дзіцячай памяці гераіні: кавалкамі-выпадкамі (рэжысёр нават раздзяляе аповеды-эпізоды назвамі праз праекцыю), без відавочных сувязяў прычыны і наступства, але з бясконцым, месцамі — навязлівым унутраным маналогам ці
не кожнага персанажа разам з пытаннямі да сусвету. Аднак гераіню ў выкананні Веры Грыцкевіч вылучае безупынны напружаны ўнутраны дыялог — кожнае імгненне яна застаецца ў стане перамоў са сваім недалёкім мінулым. Лялька на дзень народзінаў, гурток па пісанні сачыненняў, падрыхтоўка да конкурсу прыгажосці, пошук чалавека, дарагога для маці, — з фабулы п’есы рэжысёр вылучыў гісторыі, дзе наўмысна перамяшаў дзейных асоб і выканаўцаў (па ходзе дзеяння артысты Святлана Яфімава, Павел Салаўёў, Яўгенія Канькова, Андрэй Шыдлоўскі падхопліваюць адно ад аднаго ролі, пераходзяць ад персанажа да персанажа), зладзіў, выштукаваў гульню — сэнсамі, цытатамі, розыгрышамі (чаго вартая мройная рыбіна, якая з’явілася паразмаўляць з рыбаком, альбо алегарычнае сачыненне верша — прызнання ўкаханні). Даніла Філіповіч не цураецца пэўнай кінематаграфічнасці прыёмаў: выхады артыстаў на авансцэну нагадваюць буйныя планы, тым часам у глядацкім успрыманні партнёры адсоўваюцца на агульны план і дзеянні кожнага выдаюць на выпадковыя — гэткую какафонію, што няўгледна змяняецца, ператвараецца ў дыялогі, скокі, пластычныя паўзы.Часам фізічныя дзеянні пераважаюцьтэкст, а існыя намеры персанажаў вылучаюць менавіта пластычныя ці харэаграфічныя сцэны, але часцей рэжысёр выбудоўвае дзеянне, паралельнае тэксту драматурга, і менавіта праз маўчанне, у пластыцы, фізічна здзяйсняецца самае важнае, рашучае з музыкай, шумам, вэрхалам. «Словамі ўсяго не раскажаш».
Дык адкуль узялася мройная рыбіна, што трапіла ў назву наўпрост з песенькі Сярогі Шнурава? Спачатку пра яе марыў пітушчы аператар Філя (адно з цудоўных акцёрскіх пераўвасабленняў Андрэя Шыдлоўскага), які так прагнуў кінуць здымкі ды з’ехаць на рыбалку. А потым кабеты, трывалае Філева атачэнне з жонкі, супрацоўніцы і яе дачкі (галоўнай гераіні), апраналі плашч-намёты, старанна метафарычна закідалі вуды і сачкі ў глядзельню ды чакалі, ды падахвочвалі… што зловіш — тое і тваё! А глядзельня адгукалася, падтрымлівала гульню, назірала-натавала,як часта ўжыцці мяняюцца іпастасі лаўца і рыбіны. I толькі любоў можа абысціся без гэткіх умоўнасцяў (мо й вясёлых, ды часам зневажальных і няшчырых). На тле першага кахання, ягонага прадчування і няспраўджанасці рэжысёр нязмушана вылучае аповед пра любоў вечную — маці і дачкі. Артыстка Ала Ляная пражывае ролю Мамы немітусліва, вынаходліва, крыху іранічна і адначасова кранальна шчыра. Яе Мама перакананая: лепшае выхаванне — гэта падтрымка і ўласны прыклад. Дзіця хоча займацца гімнастыкай і трэба сесці на шпагат? Лёгка. Артыстка дэманструе гэты шпагат так, што кожнаму наступнаму ўчынку яе персанажа давяраеш без ваганняў. Дачка знаходзіць чалавека,які вельмі кахаў маму ў маладосці, шок, радасць, а Мама… ніяк не набярэцца смеласці з ім
пабачыцца. Сцэна іх тэлефонных перамоваў, дзе замест слухавак — мікрафоны і музычны рэй вядзе «Can’t Pretend» (выканаўца Tom Odell), — адна з самых моцных і вырашальных, бо, па сутнасці, развітальная. Яе пад фінал ураўнаважвае спеў Хрысціны Салавей «Трымай», які суправаджае фантазію першага кахання: дзяўчына чырвонай фарбай малюе на целе юнака…натуральна, абмалёўваючы сваю мару, ідэал, жаданне, а юнак спагадзя адказвае ёй тым самым. Сімвалічны эратызм сцэны ўздзейнічае куды як мацней за натуральны акт, плоцевае жаданне ўвасабляецца ва ўзвышаную фантазію, чырвоная фарба, адметная акцёрская пластыка і песня спараджаюць своеасаблівую метафару першай закаханасці, калі кожны літаральна малюе тое,што хоча бачыць,не надта зважаючы на існы стан рэчаў.
Такім чынам, «Рыба маёй мары» застаецца няўлоўнай і зменлівай, затое час-почас выпускае маціцовыя бурбалкі радасці, якія і ўтвараюць эпілог агульнай весялосці — вясёлкавыя фарбы жыцця з ягонымі надзеямі. Шкада, фінальны маналог гераіні заглушыла музыка. Між тым яна казала, як, шукаючы сябе, навучылася не чакаць жыцця, не рыхтавацца да яго, а жыць! I па ўсім выходзіла, што месца і абставіны, якіх так карцела пазбыцца, адкуль так хацелася выбрацца, вырвацца ў самастойнае жыццё, праз ладны прамежак часу перакінуліся страчаным раем сталення. Магчыма, наконт раю і спрэчна, але досвед сталення сама менш заслугоўвае роздуму
Жана Лашкевіч
МАСТАЦТВА, №8-2019