КОСМАС ЗАБОЙЦАЎ І ПРАСВЕТЛЕНЫХ

Спектаклi «Цыяністы калій…З малаком ці без?» i «Гандзі маўчаў па суботах» у Гомельскім абласным драматычным тэатры

«Цыяністы калій…» мог бы стаць гатычным трылерам, калі б усё, што адбываецца на сцэне, не было настолькі смешным і абсурдным. Свечкі, павуцінне, старасвецкая мэбля, нібы сплеценая з галін злога казачнага лесу, ды яшчэ дым і велізарная злавесная Поўня — афармленне і касцюмы, створаныя мастачкай-пастаноўшчыцай Таццянай Стысінай у шэра-фіялетавых тонах, вымагаюць змрочнай гісторыі ці… пастаноўкі ў стылі славутай «сямейкі Адамс»?

Увогуле фіялетавы і яго адценні схіляюць да касмаганічных асацыяцый. Рэжысёрка-пастаноўшчыца Марыя Матох стварае на сцэне цэлы сусвет, у якім не зоркі і планеты, але асобы з характарамі ўступаюць у складаныя і нечаканыя ўзаемасувязі, ды такія, што Кеплер або Ньютан наўрад ці змаглі б апісаць іх дакладнымі формуламі нябеснай механікі.

У чорным фарсе, створаным іспанцам Хасэ Мільянам, практычна няма станоўчых герояў. Адэла (Яўгенія Канькова) і Лаура (Анастасія Задорына) — маці і дачка — проста-такі апантаныя забойствам дзядулі дона Грэгорыа (Юрый Фейгін), які «трошкі зажыўся» на гэтым свеце. Падкрэсленая рэлігійнасць мяшаецца ў галаве векавухі Лауры з любоўнымі фантазіямі і злавеснымі планамі (падобна, і маці па смерці дзеда нядоўга затрымаецца на гэтым свеце).

У гэтай гісторыі, як і належыць сапраўднаму фарсу, усяго зашмат — напрыклад, яркі гратэскавы дуэт сталічных глянцаваных госцяў-каханкаў, якія ў літаральным сэнсе прывозяць сямейнікам свой шкілет у шафе. Энрыке ў выкананні Андрэя Шыдлоўскага — залішне гарачы «іспанскі іспанец», а Марта, увасобленая Верай Грыцкевіч, — задужа экзальтаваная асоба з велізарнымі штучнымі вейкамі. Яна ахвотна траціць прытомнасць у зручным выпадку, але нават не думае асцерагацца загадкавага эстрэмадурскага Сатыра (Юрый Марціновіч), падобнага хутчэй да сумнага і стомленага П’еро, які трымае ў страху і захапленні ўсіх жанчын правінцыйнага мястэчка. Дадамо ў гэты гурт выхаванку Хусціну (Марыя Хадзякова), што відавочна затрымалася ў сваім развіцці, спрытнюгу кантрабандыста (палкага мужа Хусціны па сумяшчальніцтве) Льерма Аляксандра Іллінскага, а таксама пародыю на шпега — Марсіяля Сяргея Юрэвіча… Дачыненні гэтых персанажаў непрадказальныя і заблытаныя,але няўхільна вядуць да трагічнай (і такой дасціпнай!) развязкі. Па вялікім рахунку, максімы «зло мусіць быць пакаранае» і «кожны атрымлівае па заслугах» працуюць і па-за жанрам. Патэнцыйныя ахвяры, зняважаныя і абражаныя, здабудуць багацце і каханне; камусьці з герояў гісторыі выпадзе цалкам заслужаная смерць, камусьці —

турма, а камусьці — вяртанне да заўчасна спачылага, немаведама дзе зніклага, абрыдлага, але такога багатага мужа…

Рэжысёрка за «чацвёртай сцяной» узводзіць лакальную мадэль чалавечага грамадства з усім яго запалам, заганамі, злачынствамі. Але гэта зусім не аднаасобнае тварэнне тэатральнага дэміурга. Уз’яўленне бадахоскай гісторыі на сцэне гомельскага тэатра ўнеслі велізарны ўклад кампазітар Андрэй Папкоў і харэографка Віталіна Бідзюк. Гэты свет нібы разглядаеш у тэлескоп — усё ўзбуйнена і абвострана да мяжы. Але ён не жудасны, хутчэй камічны — дзякуючы таму, што дзеянне роўнае процідзеянню, і гэты закон бездакорны, не мае выключэнняў і распаўсюджваецца ў тым ліку і на любую сферу чалавечых узаемаадносін.

«Цыяністы калій…» з’явіўся ўтэатры на пачатку тэатральнага сезона, а завяршыўся гэты самы сезон яшчэ адной працай Марыі Матох, якая ўзначаліла ўсю тую ж пастановачную групу. П’еса «Гандзі маўчаў па суботах» па прызнанні санкт-пецярбургскага драматурга Анастасіі Букрэевай у сваіх вытоках мае прыкметы дакументальнай драмы, вербаціма. Жанр спектакля вызначаны як хроніка сямейнага апакаліпсісу.

I гэтым разам нікуды не падзецца ад касмічных асацыяцый. Адкрытая сцэнічная прастора, залітая пераважна халодным сінім святлом; з дэкарацый на сцэне — толькі трохузроўневы стол (паводле мастачкі-пастаноўшчыцы Таццяны Стысінай, у гледача павінны ўключацца асацыяцыі з перспектывай уваходу ў падземны пераход, дзе адбываецца значная частка дзеяння). Палавік, распісаны пад шахматнае поле. I анлайн-уключэнні камеры, якая з нязвыклага ракурсу (від зверху) паказвае сцэнічныя падзеі. Трансляцыя перамяжоўваецца кароткімі відэакліпамі, яны мусяць візуалізаваць разважанні і апавяданне галоўнага героя — падлетка Мота. Наогул відэашэраг спектакля заслугоўвае асобнай гутаркі. Калі ракурс трансляцыі знойдзены ўдала, глядач атрымлівае дадатковую волю для фантазіі — яму прапануецца ці то бачыць падзеі з гледзішча вышэйшых, нябесных сіл, ці то назіраць за камерамі пераходу. А вось «афлайн»-уключэнні часцяком пакідаюць пытанні. Часам ролікі вельмі дакладна ілюструюць падзеі і шматкроць узмацняюць уражанне. Часам — адцягваюць глядацкую ўвагу. Але цалкам магчыма, што маладыя гледачы, больш звыклыя да працяглага знаходжання ў медыйнай інтэрнэт- і відэапрасторы, успрымаюць дзеянне гарманічна. Урэшце, спектакль адрасаваны упершую чаргу ім, публіцы новага пакалення.

Мот у выкананні Андрэя Шыдлоўскага з’яўляецца адзіным персанажам, які існуе ў рэальным часе. Астатнія асобы — толькі праекцыі яго ўспамінаў, яго аповеду пра падзеі, калі шчасны і прыстойны сямейны свет не проста даў расколіну, а зазнаў глабальную катастрофу, падарваўся, быццам звышновая зорка (і зноў нікуды не дзецца ад касмаганічных паралелей). Бацька і маці (Сяргей Юрэвіч і Таццяна Ганчарова), сястра Каця (Віталія Цішкова), дзядуля (Сяргей Лагуценка), бацькава каханка цётка Лена (Таццяна Кандраценка), Лекар і Гад (Зміцер Байкаў) — удзельнікі флэшбэкаў Мота. У любы момант яны гатовыя ператварыцца ў статычную ілюстрацыю, з’явіцца на сцэне (ці, наадварот, знікнуць) — у гісторыі, распаведзенай падлеткам.

Хоць такі спосаб існавання абсалютна не адмяняе экспрэсіі і фарбаў, якія знайшлі артысты і рэжысёрка, не ператварае персанажаў у выцвілыя малюначкі ўспамінаў галоўнага героя, яны прыпадабняюцца постацям, што зноў і зноў разыгрываюцьужо некалі запісаную фатумам і вельмі простую, а збольшага бліскучую шахматную партыю.

I ўсё ж цэнтральнае месца ў гісторыі прыналежыць дуэту Мота і Лізы ў выкананні Яўгеніі Каньковай. Мот прыводзіць у бацькоўскую хату бяздомную жанчыну нявызначанага ўзросту, якая некалі страціла дзіця. Новая знаёмка не гаваркая, хіба толькі адна фраза пра маўклівага Гандзі становіцца адказам на любое пытанне. Тым больш нечакана і балюча прагучыць у фінале яе пранізлівы маналог, што практычна падводзіць вынік пераламанага жыцця. Неўзабаве Мот сам зойме месца Лізы ў пераходзе… I выглядае гэта не проста падлеткавым пратэстам супраць разводу бацькоў, хваробы сястры, старэчай дэменцыі дзядулі. Хутчэй наіўнымі, але вельмі магутнымі высілкамі аднавіць раўнавагу і гармонію. Спроба падарыць цяпло, любоў, разумение абсалютна чужому чалавеку з надламанай псіхікай і знявечаным жыццём асуджанае на правал, але — «за спробу дзякуй» (Андрэй Вазнясенскі). Кола фартуны здзейсніла поўны абарот…

Рэгіянальны тэатр па аб’ектыўных чынніках знаходзіцца ў афеліі тэатральнага жыцця краіны і, здавалася б, змушаны імкнуцца да звыклых пастановак (перадусім яны мусяць забяспечваць культурныя запыты асноўнай масы гледачоў). Аднак мастацкае кіраўніцтва тэатра ўжо досыць працяглы тэрмін патрапляе настолькі збалансаваць афішу, што яна здольная зацікавіць не толькі сярэднестатыстычных наведнікаў, але і моладзь — разам з тымі, хто шукае руху, развіцця і свежых ідэй у тэатральным мастацтве. Спектаклі «Цыяністы калій… 3 малаком ці без?» і «Гандзі маўчаў па суботах» пацвярджаюць гэтую тэндэнцыю.

«Цыяністы калій… 3 малаком ці без?». Сцэны са спектакля.
Андрэй Шыдлоўскі (Мот), Сяргей Юрэвіч (бацька)
«Гандзі маўчаў па суботах». Сцэны са спектакля.
Сяргей Лагуценка (дзядуля), Андрэй Шыдлоўскі (Мот).
«Гандзі маўчаў па суботах». Сцэны са спектакля.
«Цыяністы калій… 3 малаком ці без?». Сцэны са спектакля.
«Цыяністы калій… 3 малаком ці без?». Сцэны са спектакля.

«МАСТАЦТВА» № 10/2021 (463)