Змрок “жалеза”— не сонца
Источник: http://kimpress.by | 13 июня 2017 года
Автор: Надзея Бунцэвiч
6 — 19 мая ў Гомелі пройдзе ХІІІ Міжнародны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, што адбываецца раз на тры гады. Гаспадар гэтага форуму — Гомельскі абласны драматычны тэатр — прадставіць на суд гледачоў, гасцей, журы і запрошаных крытыкаў адну са сваіх прэм’ер мінулага сезона — “Рамэа і Джульета” ў пастаноўцы маладога расійскага рэжысёра Алега Малітвіна. Напярэдадні гэты спектакль разам з іншымі гамяльчане прывозілі на гастролі ў Мінск.
“Рамэа і Джульета” ўжо паводле знешніх прыкмет (мастак — Вольга Гарачава з Санкт-Пецярбурга) адпавядае сучаснай эстэтыцы, пераносячы дзеянне не столькі ў сучаснасць, колькі ў пазачасовае вымярэнне з асобнымі прыкметамі як шэкспіраўскай эпохі, так і ХХІ стагоддзя. Спектакль ідзе амаль без перамены сцэнічных строяў, але ў кожным з іх прысутнічае тая ж полістылёвасць. Да прыкладу, у Джульеты ад мінуўшчыны — хіба карсет, набліжаны да шырокага поясу, але ў дадатак да кароткіх шортаў, ботаў, доўгай кашулі. У мужчынскай “модзе” — намёк на армейскую форму. Але — у спалучэнні з фехтаваннем (у Сяргея Лагуценкі ў ролі бацькі Джульеты — па ўсіх правілах гэтага мастацтва, у іншых — і так і гэтак, часам — у фармаце “баёў без правілаў”). Дый сама сцэнаграфія з яе добра арганізаванай прасторай уяўляе з сябе ці то нейкі закінуты завод, ці то гаражы з мясцовым, зусім не фірменным аўтасервісам. Паваротнае кола дазваляе крыху змяняць антураж, але пры любым з варыянтаў застаецца галоўнае — паўсюль халоднае, змрочнае “жалеза”, а не сонца Італіі па кантрасце да цемры скляпення. Замест балю — атмасфера бара з “адвязнай” дыскатэкай. Замест масак на некаторых героях — адпаведныя такім абставінам чорныя акуляры. Відавочныя праекцыі на жыццё… стэрэатыпнай расійскай глыбінкі. Усё дыхае не столькі экспрэсіяй, колькі агрэсіяй, і ў дзяўчын яе ледзь не больш, чым у хлопцаў (ужо ў першай сцэне яны б’юцца на роўных — і не толькі з-за актуальнай праблемы недахопу ў сучасных тэатрах артыстаў-мужчын і “перавытворчасці” артыстак-дзяўчат), што таксама адсылае да цяперашняга часу з яго скажона зразумелай эмансіпацыяй.

Ды ўсё ж, па вялікім рахунку, спектакль застаецца вельмі ясным, але надзвычай сціслым “школьным” пераказам Шэкспіра. Больш за тое, адвечная шэкспіраўская амбівалентнасць ці хаця б яе магчымасць тут заменены яшчэ большым падзелам герояў на станоўчых і адмоўных — каб у гледача ўжо ніякіх ваганняў не заставалася, каму спачуваць. Маці Джульеты (Настасся Задорына) падобная да істэрычкі, бо толькі і робіць, што крычыць — і на дачку таксама. Парыс (Павел Кордзік) зусім не высакародны, а нахабны, юрлівы, упэўнены, што ніхто і ніколі яму ні ў чым не адмовіць. У грабніцу да “памерлай” нявесты ён прыходзіць жудасна п’яны, брыдка ікае — ці могуць быць хоць якія сумневы наконт яго магчымай будучыні з Джульетай? Сябры Рамэа таксама нагадваюць алкаголікаў-наркаманаў. Так што закаханая пара застаецца ў такім атачэнні літаральна “промнем святла ў цёмным царстве”. Сустрэча галоўных герояў, як і трэба чакаць, адбываецца ў запаволеным рапідзе, што мяжуе са стоп-кадрам. А вось вершаваная лірыка чытаецца па-рознаму, не ператвараючыся ў “заезджаную кружэлку”. У ёй даволі хуткі тэмп спалучаецца з больш ці менш працяглымі паўзамі, і гэтыя спыненні складаюць уражанне самога працэсу мыслення: героі не балбочуць “замучана-завучаныя” радкі, а быццам імправізуюць, складаючы іх тут і зараз. Удала выкарыстоўваецца і голас у запісе, з рэверсам, што перадае думкі герояў. А вось фінал з яго абдымкамі герояў на лесвіцы (маўляў, душы іх з’ядналіся на нябёсах) паслабляе напал, нагадваючы спробу хэпі-энда.

1
ПЕРЕЙТИ К ДРУГИМ СТАТЬЯМ
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники