Тэатральныя сустрэчы. Атмасфера

Юбілейны ХV Міжнародны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, што сабраў 10 творчых калектываў з Беларусі і Расіі, завяршыўся ў Гомелі 21 мая. Гран-пры застаўся ў гаспадароў: найлепшым спектаклем прызнаны “Маленькія трагедыі. Пушкін” Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.

Горад сустракаў неверагоднай квеценню. Цюльпаны незвычайных гатункаў, дзівосных колераў у спалучэнні з безліччу іншых раслін на клумбах, у вулічных кашпо, усталяваных на розных узроўнях. Праўда, у “камплект” да гэтай прыгажосці трапілі надакучлівыя мошкі, што бессаромна лезлі за каўнер. 

Праз пэўны час кусачыя кузуркі зніклі, быццам саступіўшы месца членам журы, якія пасля кожнага спектакля сустракаліся з яго ўдзельнікамі, каб падзяліцца думкамі пра ўбачанае. Здаралася, і “джалілі”, бо некаторыя пастаноўкі нагадвалі спалучэнне тых жа ўражальнай квецені і непрыемнай машкары: былі заўважныя як пазітыўныя тэндэнцыі, так і, мякка кажучы, не зусім. Ды і размаітасць, нават супрацьлегласць, поглядаў дзеячаў тэатральнага мастацтва на пэўныя спектаклі — насамрэч, нармальная з’ява. Таму вельмі важна, што заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар, дэкан тэатральнага факультэта нашай Акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук, які ўзначальваў судзейскую калегію, заўжды імкнуўся стварыць на абмеркаваннях добразычлівую атмасферу. 

Сцэна са спектакля "Маленькія трагедыі. Пушкін" (Гомель)

Сцэна са спектакля «Маленькія трагедыі. Пушкін» (Гомель)

Фестывальную ж атмасферу, з любоўю “запакаваную” ў адмыслова вырабленыя бутэлечкі, уручалі ўсім калектывам пасля выступлення — з дыпломам. Штораз завяршаючы спектаклі “сцэнай падарункаў”, мастацкі кіраўнік Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Сяргей Лагуценка падбіраў для кожнай трупы асобную фармулёўку: “дыплом дабрыні”, “стаадсоткавая атмасфера пераўвасабленняў”, “стыль і густ”, “за бездакорную веру ў прапанаваныя акалічнасці”… Ды і самі лагуценкаўскія выхады“выбрыкі” станавіліся бліскучымі міні-імпрэзамі. Больш за тое, часам менавіта гэтыя імправізацыйныя эцюды рабіліся сапраўднай кульмінацыяй, “фішкай” прагледжанага спектакля. 

Сярод падарункаў быў фестывальны буклет, макет якога (і, шырэй, фірмовы стыль усяго свята) распрацавала ў якасці дыпломнай работы навучэнка Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа Соф’я Кушнярова. Дарэчы, гэтая ўстанова і фестываль — равеснікі: абодва з’явіліся ў 1989-м. Ім проста наканавана дапамагаць адзін аднаму! 

Прывітальная атмасфера стваралася і непасрэдна перад кожным праглядам. Пад бясконцыя апладысменты вядучыя агучвалі не толькі імёны чальцоў журы, але і ўвесь спіс тэатраў-удзельнікаў. Больш падрабязна выкладалі гісторыю калектыву, чый спектакль будзе прадэманстраваны. А за гадзіну да ўрачыстага адкрыцця фэсту прайшоў тэатралізаваны дывертысмент — па сутнасці, відовішчнае вулічнае прадстаўленне ў скверы імя Кірылы Тураўскага, што побач з драмтэатрам. Свята ўдалося! 

Сцэна са спектакля "Лекар міжволі" (Смаленск)

Сцэна са спектакля «Лекар міжволі» (Смаленск)

У якасці ганаровага госця на форум запрасілі актрысу тэатра і кіно, тэле- і радыёвядучую, педагога Яну Паплаўскую (Расія), якую ўсе памятаюць 11-гадовай дзяўчынкай, што сыграла ролю Чырвонага Каптурыка ў стужцы Леаніда Нячаева на “Беларусьфільме”. Падчас творчай сустрэчы, што зладзілі ў Белай гасцёўні палаца Румянцавых і Паскевічаў, артыстка назвала Мінск сваім домам, сваёй “малой радзімай”, бо ўдзельнічала тут у некалькіх кінакарцінах. А ў 2012-м, калі здымалі 60-серыйнае “Першае каханне”, Яна Паплаўская жыла ў нашай сталіцы паўгода, на дзень- два заязджаючы ў Маскву. Такія прызнанні ў любові да Беларусі прыйшліся даспадобы публіцы. 

Што тычыцца праграмы, то яе стварылі па гэткім блочным прынцыпе, паслядоўна адлюстраваўшы розныя кірункі і адгалінаванні: эстэтыка тэатра лялек, уключаючы маскі, традыцыйны псіхалагічны тэатр, эксперыментальныя рэжысёрскія прачытанні класікі. А ў якасці абрамлення выступілі спектаклі цыклічнага складу — па некалькіх апавяданнях ці аднаактоўках, з’яднаных агульнай канцэпцыяй. У выніку ўвесь фестываль набыў надзіва гарманічную, завершаную форму, прадэманстраваўшы пры гэтым сінтэз мастацтваў, шлях да тэатра сінкрэтычнага. І рознага! 

Гомельскія “Маленькія трагедыі. Пушкін” (адрэцэнзаваныя “К” і часопісам “Мастацтва” летась пасля прэм’еры) назвалі найлепшым спектаклем форуму цалкам справядліва, зусім не ў якасці падзякі гаспадарам. Спецыяльным прызам журы “За беражлівыя адносіны да беларускай нацыянальнай класікі і культуры” адзначаны Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек, які паказаў “Сакрамэнт лесу” паводле казак Якуба Коласа. 

Выкшталцона-інтэлектуальным падарункам стала фантазія “Як змарнаваць яшчэ адзін вечар?” Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра. Расійскі рэжысёр Кірыл Салёнаў, звярнуўшыся да п’есы М. Някрасава “Восеньская нуда”, правёў у спектаклі ўласнае навуковае даследаванне жыцця і творчасці класіка на сцэнічнай мове, прычым у сусветным кантэксце (у тым ліку ў кантэксце Шэкспіра і Бамаршэ), прасачыў сувязі паэта з фальклорам і народнай міфалогіяй (яшчэ і беларускай, агульнаславянскай), ранейшым і далейшым развіццём рускай літаратуры і мастацтва (найперш са спадчынай Гогаля і Чэхава). Спектакль атрымаўся цалкам аўтарскім, бо рэжысёру належаць і канчатковы тэкст з купюрамі і дапаўненнямі (у тым ліку вершаў Някрасава), і пастаноўка, і мастацкае (чытай: сцэнаграфічнае) рашэнне. Безліч постмадэрнісцкіх адсылак надае відовішчу шмат гумару, нечаканых паваротаў (чаго вартыя хаця б смешныя лялечныя ўстаўкі-каментарыі), вымушае сачыць не за сюжэтам (яго папросту няма — хіба асобныя абрысы, што засталіся ад п’есы і адышлі на другі план), а за разгортваннем думак і асацыяцый на тэму сэнсу жыцця. І ўсё гэта — у спалучэнні з бліскучымі акцёрскімі працамі. 

Уручэнне дыпломаў удзельнікам з Разані

Уручэнне дыпломаў удзельнікам з Разані

Цікавым рэжысёрскім рашэннем прывабілі і “Дзіўныя людзі” паводле трох чэхаўскіх аднаактовак “Юбілей”, “Прапанова”, “Мядзведзь”, увасобленыя ў Мазырскім драматычным тэатры імя І.Мележа мастацкім кіраўніком калектыву Раманам Цыркіным. П’есы, падзеленыя на асобныя фрагменты і з’яднаныя ў гэткі філасофскі роздум пра дарогі лёсу па прынцыпе кінамантажу з паралельным дзеяннем, быццам “ажывалі” перад вачыма персанажаў — людзей вакзала. 

Так ці іначай былі адзначаны ўсе спектаклі. А тое, што ў журы пераважалі артысты і рэжысёры, паўплывала на колькасць менавіта акцёрскіх узнагарод. Іх аказалася больш, чым звычайна,— ажно дзевяць: восем імянных і адна калектыўная.

За найлепшую жаночую ролю ўганаравана не толькі Марына Гапчанка з Екацярынбурга (монаспектакль “Гарбатая” па п’есе Яраславы Пуліновіч), але і Вера Грыцкевіч у абліччы Пушкіна (“Маленькія трагедыі”). Самай удалай жаночай роллю другога плана таксама названа мужчынская, ды ў жаночым выкананні — хлопчык (Валерыя Цыкуненка) у спектаклі Гомельскага маладзёжнага “Як змарнаваць яшчэ адзін вечар?”. Прыза за найлепшую мужчынскую ролю ўдастоіўся Арцём Пінчук, які сыграў Віктара ў “Варшаўскай мелодыі” Новага драматычнага тэатра. За самую ўдалую мужчынскую ролю другога плана ўзнагародзілі Дзяніса Маісейчыка з Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра (“Яшчэ раз пра каханне”). Яўген Хромаў, які выдатна ўвасобіў ажно тры вобразы (з іх адзін — цэнтральны) адразу ў двух фестывальных спектаклях гомельскіх калектываў (Някрасаў-Ласукоў Маладзёжнага тэатра, Жабка і Леў тэатра лялек), атрымаў спецыяльны прыз “За акцёрскую шматграннасць”. Спецыяльнымі прызамі ўганараваны таксама Аляксандр Фяськоў з Мазыра— “За акцёрскую аддачу і самаахвярнасць”, Мікіта Маскавой-Русо з Разанскага дзяржаўнага абласнога тэатра драмы — “За найлепшае пластычнае рашэнне ролі” (артыст адлюстраваў танцавальнымі імправізацыямі ўнутраны стан свайго персанажа Івана Бялугіна ў спектаклі “6 раніцы, амерыкана” па аднайменнай п’есе маладога беларускага драматурга Улады Альхоўскай). 

“Лекар міжволі” Смаленскага дзяржаўнага акадэмічнага драмтэатра імя А.С.Грыбаедава скарыў атмасферай гульні, імклівасцю дзеі, добра прасочанай сувяззю Мальера з тэатрам масак — і быў адзначаны як самы ўдалы акцёрскі ансамбль. У намінацыі “Найлепшая рэжысура” ўзнагародзілі Яўгена Качаткова за пастаноўку “Апавяданняў цыніка” ў Бранскім абласным тэатры драмы, з якім гамяльчане сябруюць усе гады існавання фестывалю. Гэтым разам бранскі калектыў, завяршаючы юбілейны форум, прадэманстраваў сінтэтычнае відовішча на тэму адзюльтэру — драматычны тэатр спалучаўся з музычным, тэатрам ценяў, элементамі цырка пад моцным уплывам кабарэ. 

А святочная атмасфера захавалася і пасля апошняга спектакля. Пакуль журы падводзіла вынікі, госці маглі ўбачыць відэа, дзе сцісла распавядалася пра ранейшыя “Славянскія тэатральныя сустрэчы” і больш падрабязна — пра цяперашнія, 15-я. Да таго ж цягам усяго постфестывальнага тыдня ў інтэрнэце працягваецца галасаванне. Дзякуючы яму высветляць, хто атрымае яшчэ адзін важны прыз — глядацкіх сімпатый. 

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і Мастацтва»
Аўтар Надзея БУНЦЭВІЧ, Фота Уладзіміра СТУПІНСКАГА

31.05.2023