ЧЭХАЎ ЯК РЭАЛIЦI-ШОУ?

Гомельскі абласны драматычны тэатр па традыцыі завяршыў сезон — юбілейны, 85-ы — прэм’ерай. П’есу Чэхава “Іванаў” увасобіў заслужаны дзеяч мастацтваў Паўднёвай Асеціі Раман Габрыя.

З гэ­тым ма­ла­дым расійскім па­станоў­шчы­кам тэ­атр вы­пус­кае ўжо трэ­ці па­спя­хо­вы спек­такль. І не про­ста па­спя­хо­вы, а вельмі ўдум­лі­вы і ад­на­ча­со­ва эпа­таж­ны: ён раз­бу­рае раней­шыя ўяў­лен­ні. Адметны рэ­жы­сёр­скі по­чырк адразу за­ўваж­ны. Яшчэ больш істот­на тое, што ўсе тры спек­так­лі — пры­нцы­по­ва роз­ныя: Ра­ман Габ­рыя не ты­ра­жуе ад­ной­чы зной­дзенае, а што­ раз крочыць у невядомае. 

Спа­чат­ку бы­лі “Ма­лень­кія тра­ге­дыі. Пуш­кін”. Па­эта і яго ге­роя — Моцар­та — ігра­лі дзяў­чы­ны, пад­крэс­лі­ва­ючы тон­касць ду­шэў­най арга­ні­за­цыі творцаў. Праз год уз­нік го­га­леўскі “Нос ма­ёра Ка­ва­лё­ва”. Артыс­таў на сцэ­не агуч­ва­лі двое акцё­раў у аркес­травай яме — роз­ны­мі га­ла­са­мі, у смеш­най “му­ль­цяш­най” ма­не­ры. У “Іва­на­ве” рэ­жысёр вы­ка­рыс­тоў­вае іншы пры­ём — на­блі­жае спектакль да рэ­алі­ці-шоу.

Пуб­лі­ка змеш­ча­на не ў за­ле, а на сцэ­не. Дзея­нне аб­ме­жа­ва­на пра­сто­рай пава­рот­на­га ко­ла. За яго мяжой — тры ра­ды крэс­лаў. По­гляд на раз­гор­тван­не сюжэ­та — не звер­ху ўніз ці знізу ўверх, а на роў­ных. Не на ад­лег­лас­ці, а побач — быццам між­во­лі на­зі­ра­еш за сусе­дзя­мі.

Пер­шая су­пя­рэч­насць та­ко­му на­блі­жэн­ню аўдыто­рыі да дзеі — пра­грам­ка і афі­ша, афор­мленыя як кні­га ХІХ ста­год­дзя з ад­па­вед­най арфаг­ра­фі­яй: “А. П. Чеховъ. Ива­новъ. Рус­скій Гам­летъ”. Гэ­та ж і пер­шы роз­ыгрыш, бо п’еса Чэ­ха­ва на­зы­ваецца без уся­ля­кіх спа­сы­лак на Шэк­спі­ра. Па­ра­ўнан­не па­зней уз­нік­ла ў гле­да­чоў, кры­ты­каў, да­след­чы­каў. І для та­го бы­лі пад­ста­вы: ге­рой сам згад­вае Гам­лета. Ка­лі ж спа­лу­чыць дзве асаб­лі­вас­ці спек­так­ля, дык су­пя­рэч­насць з роз­ыгрышам і да­дуць у су­ме ключ да раз­умен­ня но­вай па­ста­ноўкі. Ключ ве­ль­мі про­сты: не вер ва­чам сва­ім. Ча­му ж тады ве­рыць? Сэр­цу і роз­уму. Пры­чым ад­на­ча­со­ва, а не па чар­зе.

Усе спек­так­лі Габ­рыя — ме­на­ві­та пра та­кі пад­ыход да мас­тац­тва. Рэ­жы­сёр высту­пае ў якас­ці да­ след­чы­ка, ку­ды бо­льш пра­су­ну­та­га, скру­пу­лёз­на­га за ўсіх фі­лола­гаў і лі­та­ра­ту­раз­наў­цаў, раз­ам уз­ятых, і вя­дзе ўласнае на­ву­ко­вае да­сле­да­ванне, пры­ чым на тэ­атра­ль­най мо­ве. Рэ­алі­ці-шоу і на­ву­ковасць — ці здо­ль­ныя гэ­тыя з’явы ха­ця б не­як ужыц­ца раз­ам? Пра тое, каб па­сябра­ваць, і гу­тар­кі быць не мож­а. А вось і мо­жа! Таму што спек­так­лі Габ­рыя — пра спалучэнне і вы­сокае сяб­роў­ства ма­са­вай ку­льту­ры, якую пры­ня­та аб­віна­вач­ваць ва ўсіх гра­хах, і інтэ­лек­ту­аль­най элі­тарнасці. П’еса і спек­такль пры ўсёй экс­пе­ры­мен­та­ль­нас­ці яго фор­мы — пра ад­но і тое ж. Пра не­ ра­зу­мен­не. Усеагу­ль­нае, та­та­ль­нае. То­ль­кі хто­сь­ці не раз­умее іншых, а хто­сь­ці — яшчэ і ся­бе са­мога. І ўсве­дам­ляе гэ­та. А нека­то­рыя, на­адва­рот, сле­па ўпэў­не­ны, што раз­уме­юць усё і ўсіх най­леп­шымчы­ нам і вы­но­сяць без­ апеля­цый­ныя пры­су­ды, на­ват не спра­буючы па­глы­біц­ца ў дэ­та­лі.

Рэ­жы­сёр пра­па­нуе спачат­ку па­гля­дзець. А каб убача­нае не за­бы­ла­ся, не згу­біла­ся ў без­лі­чы ўра­жан­няў, ро­біць ві­до­віш­ча не­звычай­ным. Ва ўсім! І на­тхняе пуб­лі­ку да на­ступ­на­га за­кана­мер­на­га кро­ку — да асэнса­ван­ня. Бо най­перш сам раз­ам з артыс­та­мі пе­ра­асэнсоў­вае п’есу і яе ге­ро­яў. 

Дзея­нне пе­ра­не­се­на ў сучас­насць на мя­жы з ня­даўнім мі­ну­лым: пра­цёр­тыя ка­на­пы і ста­рыя тэ­ле­ві­за­ры су­сед­ні­ча­юць з со­та­вы­мі тэле­фо­на­мі. Але раз­ва­гі пра гро­шы, што ма­юцца ў п’есе, лі­нія са­цы­яль­най ня­роўнас­ці, пра­па­на­ва­ныя збядне­ла­му Іва­на­ву ва­ры­янты хут­ка­га ўзба­га­чэн­ня — усё гэ­та па­кі­ну­та за дуж­ка­мі спек­так­ля. Та­кі пры­ём адпа­вя­дае Чэ­ха­ву, для яко­га знеш­нія падзеі да­лё­ка не самыя істот­ныя. За­ тое ўзні­каюць да­датко­выя пер­са­на­жы: Са­шы­ны сяб­ры (Аляк­сей Мус­ла­вец, Ві­та­лія Ціш­кова), якія бу­дуць зды­маць на ка­ме­ру ся­мей­ную хро­ні­ку, а га­лоў­нае — свя­тар (Дзмітрый Цяс­ляк), про­па­ве­дзі яко­га так раз­ыхо­дзяц­ца з жыц­цём.

Ка­лі п’еса “за­ка­ль­цава­на” тэ­май руж­жа, што па­він­на стрэ­ліць, дык у спек­так­лі воб­раз­ная арка ўтво­ра­на дву­ма вя­сел­ля­мі: у па­чат­ку — Іва­на­ва (Сяр­гей Юрэ­віч) з Ган­най (Ма­рыя Ха­дзя­ко­ва), у фі­на­ле — з юнай Са­шай (Лі­заве­та Альхоў­ка). У цэн­тры ж аказва­ецца сам ду­шэў­ны стан ге­роя, ба­ра­ць­ба ў ім. Мы на­ сто­ль­кі пра­ні­ка­емся гэтым унут­ра­ным ма­ятні­кам, што, ка­лі па­ва­рот­ная сцэ­на па­чы­нае ру­хац­ца, ад­чу­ва­ем, быц­цам зям­ля сы­хо­дзіць з-пад ног — і ў Іва­на­ва, і ў нас раз­ам з ім. На­ват пра­піса­ныя рэ­жы­сё­рам па­ўто­ры пэў­ных фраз зроб­ле­ны вель­мі па-чэ­хаў­ску.

На дзень на­ра­джэн­ня Сашы — да­чкі свай­го сяб­ра, бы­ло­га ад­на­кур­сні­ка Лебе­дзе­ва (Сяр­гей Ла­гу­ценка) — Іва­наў з’яўля­ецца як ча­ла­век-свя­та, “шо­ка­вы” па адзен­ні і па­во­дзі­нах. Пер­санаж спя­вае “Яблы­кі на снезе” — і “за­во­дзіць” усіх так, што па­чы­на­ецца дыс­ка­тэ­ка 1980—1990-х. По­тым ста­новіц­ца зра­зу­ме­ла: тая кам­пазі­цыя — лю­бі­мая ў яго нялю­бай жон­кі. І па­сля смер­ці Ган­ны на вя­сел­ле з Са­шай ге­рой пры­хо­дзіць у жон­чынай чор­най кеп­цы. З ча­го б гэ­та? З та­го, што Са­шу ён не ка­хае. А бы­лую жон­ку — ду­мае, што раз­лю­біў. Аказва­ецца, не. Але хіс­тан­ні героя — зу­сім не з-за ка­хан­ня ці яго ілю­зій. Іва­наў стра­ціў і немо­жа знай­сці ся­бе, пера­адо­лець ду­шэў­ны раз­лад і рас­ча­ра­ван­не.

П’еса пе­ра­жы­ла дзве рэ­дак­цыі. У пер­шай Іва­наў па­мі­раў з-за сар­дэчна­га пры­сту­пу. У дру­гой — за­ кан­чваў жыц­цё са­ма­губ­ствам. Спек­такль пра­па­нуе трэ­цюю вер­сію. Піста­лет у ру­цэ за­бой­цы ўзні­кае не праз ад­чай з-за стра­ча­най ка­ха­най, а праз по­ўную ўпэў­ненасць, што так бу­дзе адзіна пра­ві­ль­на.

Артыс­ты пра­цу­юць не про­ста ад­да­на, а лі­та­раль­на на мя­жы ча­ла­ве­чых сіл. Рэ­пе­ты­цыі ішлі не па звык­лым пры­нцы­пе “ра­нак — ве­чар”, а з ранку да ве­ча­ра з пе­ра­пын­камі лі­та­ра­ль­на на не­ка­ль­кі хві­kін. Аб­са­лют­на кож­ны акцёр на сва­ім мес­цы — як яркі ха­рак­тар і па­зна­ва­льны ты­паж: сва­як Бор­кін (Дзміт­рый Попчан­ка), дзядзь­ка Ша­бе­льс­кі (Юрый Мар­ці­но­віч), док­тар Львоў (Андрэй Шыд­лоў­скі), ма­ці Са­шы (Тац­ця­на Кан­дра­ценка), уда­ва Ба­ба­кі­на (Яўге­нія Ка­нь­ко­ва). Іх уз­ае­ма­адносі­ны пры­ха­ва­ны з-за скара­чэн­няў тэк­сту, але доб­ра чы­та­юцца ў плас­ты­цы, позір­ках, тан­цах. Са­ма­стойным пер­са­на­жам ста­но­віц­ца свят­ло (Мак­сім Ахра­ме­еў). Гэ­ты спек­такль — чар­го­вы крок на­пе­рад у тэ­атра­ль­най эстэ­ты­цы і раз­умен­ні рускай кла­сі­кі.

9 августа 2024 г.
“Культура” №32
Автор: Надзея Бунцэвiч
Фота Уладзіміра Ступiнскага