Абласны сталічнага палёту

Гомельскі драматычны ў снежні справіць 85-годдзе. Рэпертуар тэатра — самы разнастайны: ад касавых камедый, разлічаных на «пасмяяцца-адпачыць» (а гэта таксама трэба), да глыбокіх, удумлівых спектакляў, прызваных выхоўваць сучаснае мысленне, маральныя арыенціры.

Сцэна са спектакля «Іванаў. Рускі Гамлет»

Сярод такой катэгорыі ёсць і па праўдзе эксперыментальныя, часам эпатажныя пастаноўкі — тыя, што прынята называць фестывальнымі. Апошнім часам іх паболела, і юбілейны сезон тэатр закрыў чарговай такой працай — «Іванаў. Рускі Гамлет» па А. Чэхаве.

Гэта ўжо трэцяя пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Паўднёвай Асеціі, таленавітага рэжысёра Рамана Габрыа. Спачатку з’явіліся «Маленькія трагедыі. Пушкін», здзівіўшы тым, што ролі Пушкіна і Моцарта былі аддадзены дзяўчатам — каб падкрэсліць тонкую душэўную арганізацыю, безабароннасць гэтых рана загінулых творцаў. Наступным быў «Нос маёра Кавалёва» па Гогалі, дзе артысты на сцэне ўвасаблялі герояў пластычна, а двое акцёраў у аркестравай яме агучвалі іх на розныя галасы, у лялечна-мульцяшнай манеры. І адначасова праводзілі лінію ўласных узаемаадносін, а часам і на сцэну выходзілі ў эпізадычнай ролі — моўчкі, вядома.

«Фішкай» цяперашняга «Іванава» стала, як заўжды, кардынальная ператасоўка тэксту (гэтым разам менавіта п’есы). А яшчэ — размяшчэнне гледачоў на сцэне, літаральна побач з артыстамі. Падобныя варыянты раз-пораз узнікалі ў пастаноўках многіх тэатраў, але асаблівасцю гэтай стала своеасаблівая імітацыя арэны: артысты знаходзяцца ў цэнтры, акурат у межах сцэнічнага паваротнага кола, а публіка — з усіх бакоў, у тры-чатыры шэрагі без усялякіх узвышшаў. Гэта не столькі ператварае гледачоў у непас — рэдных удзельнікаў сцэнічных падзей, колькі вымушае іх «падглядаць» зблізку за імі: за вянчаннем Іванава з Сарай, што адраклася ад сваіх родных і стала Ганнай (Марыя Хадзякова), за святкаваннем дня народзінаў Сашы (Лізавета Альхоўка), закаханай у Іванава, за падрыхтоўкай да яе з ім вяселля. Атрымліваецца гэткі аналаг шырока распаўсюджаных сёння рэаліці-шоу — толькі не па тэлевізары, а ў тэатры. На думку пра такую паралель наводзяць і здымкі відэакамерай, што вядуцца цягам спектакля адсутнымі ў п’есе сябрамі Сашы, і трансляцыя таго відэа на экраны некалькіх тэлевізараў, расстаўленых у сцэнічнай прасторы, і ўласцівая п’есам Чэхава канцэнтрацыя дзеяння на паўсядзённым жыцці.

Тры вышэй азначаныя моманты (дзень народзінаў і яго атачэнне вянчаннем і вяселлем) становяцца ў спектак- літым драматургічным каркасам, на які нарошчваецца астатні разгорт — зноў-такі, не знешніх сюжэтных калізій, а ўнутранага стану герояў. Пры гэтым гісторыя з грашыма ды іншай эканамічнай праблематыкай застаецца дзесьці за дужкамі. Невыпадкова кватэра Лебедзевых — родны дом Сашы — абстаўлена такой старой мэбляй, якую не магла б дазволіць сабе заможная сям’я (мастак-пастаноўшчык — Таццяна Стысіна). Тэма сацыяльнай няроўнасці практычна знікае. А на першы план выходзяць няпростыя «поліфанічныя», шматслойныя, мудрагеліста сплеценыя чалавечыя характары, складаныя перыпетыі чалавечай душы, душэўныя ваганні-хістанні, адчайныя спробы зразумець не столькі астатніх, колькі сябе самога. І гэта тычыцца не толькі Іванава, але і тых, хто аказваецца блізкім яму па сваёй эмацыянальнай арганізацыі, — найперш Ганны і Сашы.

Героі падзяляюцца не на станоўчых і адмоўных, а на схільных да сумневаў — і безапеляцыйных у сваіх рашэннях. Адсюль і «рускі Гамлет», які сам сабе задае пытанні (не толькі праславутае «Быць ці не быць?», але і многія іншыя) і пакутліва шукае на іх адказы. Іванаў не адзіны, каго называлі рускім Гамлетам. Гэта словазлучэнне, напрыклад, «прыляпілася» да Паўла І і стала назвай балета Барыса Эйфмана. Ёсць яно і ў даследчыкаў п’есы Чэхава, і ў самой п’есе, ды ніколі не выносілася аўтарам у назву, як гэта зроблена на афішы і праграмцы спектакля, дзе мы бачым быццам бы кнігу ХІХ стагоддзя: «А.П. Чеховь. Ивановъ. Русскій Гамлетъ».

Галоўным антаганістам Іванава становіцца не яго сваяк Боркін (Дзмітрый Попчанка) з дзядзькам Шабельскім (Юрый Марціновіч), якія распрацоўваюць варыянты хуткага ўзбагачэння за кошт шлюбу з заможнай удавой Бабакінай (Яўгенія Канькова), не Лебедзеў (Сяргей Лагуценка) — былы аднакурснік і сябра Іванава, бацька Сашы, не жонка Лебедзева Зінаіда (Таццяна Кандраценка), якая не вітае ні тое сяброўства, ні закаханасць у Іванава іх дачкі Сашы, а… доктар Львоў (Андрэй Шыдлоўскі).

Фігура апошняга паўстае самай, бадай, загадкавай. Ён, бы шэры кардынал, сочыць за ўсімі, застаючыся ў цені, каб у адказны момант нанесці нечаканы і трапны ўдар. Па версіі рэжысёра, Іванаў не заканчвае жыццё самагубствам. Не памірае ад сардэчнага прыступу, як гэта было ў першай рэдакцыі п’есы, да якой тэатры сёння таксама звяртаюцца. Яго застрэльвае… той самы лекар.

Постаць Іванава (Сяргей Юрэвіч) успрымаецца яшчэ больш трагічнай. Бо кантрастам да яе выступае ягоная маска «чалавека-свята», здольнага весяліць і шакіраваць адначасова. А ў цэнтры, як галоўнае злучнае звяно, як пачатак усіх пачаткаў, апынаецца… Святар (Дзмітрый Цясляк). Адсутны ў п’есе, ён невыпадкова пазначаны ў праграмцы першым. І вымушае задумацца над тым, чаму ўнутраная духоўнасць і паказное наведванне царквы — вельмі розныя рэчы. Такія ж, як сутнасць і абалонка.

Тры спектаклі піцерскага рэжысёра не значаць, што беларускім пастаноўшчы кам тут не давяраюць. Наадварот! Нават зусім маладым — студэнтам і нядаўнім выпускнікам нашай Акадэміі мастацтваў. А таксама сваім артыстам, даючы магчымасць сумяшчаць акцёрскую ігру і рэжысуру, а таксама стварэнне інсцэніровак і ўласных п’ес. Прыкладам — хаця б тыя пастаноўкі, што былі паказаны на гастролях тэатра ў Мінску: 31 кастрычніка зранку — у Палацы культуры Мінскага трактарнага завода, увечары — на сцэне Новага драматычнага, а 1 лістапада — у Рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў.

Сцэна са спектакля «Цыяністы калій… — З малаком ці без?..»

Асаблівую ўвагу прыцягнуў спектакль «Цыяністы калій… З малаком ці без?» па аднайменнай п’есе сучаснага іспанскага драматурга і акцёра Хуана Хасэ Алонса Мільяна. Твор, названы ў аўтара фарсам «з прысмакам чорнага гумару», у пастаноўцы атрымаў больш простае жанравае азначэнне — чорная камедыя. А фарс узрос да эксцэнтрыкі, буфанады, часам нават клаўнады, але без аніякага недарэчнага крыўляння акцёраў. Ставіць камедыі так, каб было папраўдзе смешна (і не толькі ўласна ад тэксту ці ад спосабаў яго вымаўлення, але і ад самой сцэнічнай дзеі), насамрэч куды складаней, чым ставіць трагедыю, якая выцісне слязу, ці меладраму, што закране пачуццёвасцю. Рэжысёру Марыі Матох, якая працуе ў сталічным тэатры імя М. Горкага і вядомая яшчэ і як актрыса, гэта ўдалося.

Як кажуць у такіх выпадках, на ўсе сто і болей адсоткаў. У Гомелі гэта адзін з самых улюбёных спектакляў, прычым і ў артыстаў, і ў публікі ў аднолькавай меры. У Мінску зала Новага драматычнага была аншлагавай — з прыстаўнымі крэсламі ў кожным шэрагу. Смех амаль не сціхаў, гледачы жыва рэагавалі на кожную пастаноўчую прыдумку. А іх у спектаклі нямала.

Заварожвае падкрэсленая пластыка акцёраў (харэограф — Віталіна Бідзюк, паплечніца рэжысёра па тэатры М. Горкага). Сапраўднымі разыначкамі становяцца невялічкія, але поўныя гумару танцавальныя нумары Марты і Энрыке (Вера Грыцкевіч, Андрэй Шыдлоўскі), мужчынскае танга (а гэты жанр пачынаўся выключна з мужчынскіх версій) Льерма і Марсіяля (Дзмітрый Попчанка, Сяргей Юрэвіч).

Артысты цалкам натуральна існуюць у рэаліях тэатральнай умоўнасці, даводзяць элементы абсурду, закладзеныя ў п’есе, да лагічнай кульмінацыі. Пры тым, што ўсе існуюць у адной эстэтычнай плыні, у кожнага — сваё яркае аблічча, свае рысы характару.

Тая ж індывідуалізацыя дэталяў — у працы галоўнага мастака тэатра Таццяны Стысінай. Сцэнаграфія падпарадкавана агульнай тэме павуціння, што сімвалізуе і абмежаваны, затхлы свет гэтага дома, дзе тэрмінова патрабуецца генеральная ўборка, і такі ж стан душы герояў, якім таксама неабходна духоўна-этычная «перазагрузка». Падобным прачытанням адпавядае і агульны шэра-карычневы тон з вытрыманым дадаткам чорна-белага і, вельмі дазіравана, бардовага.

Пры гэтым кожнае спляценне — індывідуальнае па малюнку. Гэтак жа, як і абрысы крэслаў, размяшчэнне і коль- касць свечак на ўмоўных «дзвярах», што ўяўляюць сабой вялізныя літары «П», падобныя да дрэваў-ліянаў. Скразная тэма кавы, куды замест цукру сыплюць цыяністы калій, вырашана праз намаляваныя на падлозе колцы, якія бываюць на паверхні напою пры яго размешванні. І тыя ж колцы бы сведчаць: нішто не застанецца незаўважаным. Дзеянне выносіцца за межы іспанскага каларыту на прасторы ўсёабдымнасці. Такому прачытанню дапамагае і блакітны глобус-шар на задніку, і тыя ж намаляваныя на ім мерыдыяны, адпаведныя колцам на падлозе.

Сцэна са спектакля «Залатая рыбка»

Усё разам — вядома, камедыя, разлічаная на касу. Але адначасова — пастаноўка, што можа ўпрыгожыць любую фестывальную палітру. Гэткі прынцып «два ў адным». Адкрываліся і завяршаліся гомельскія гастролі ажно чатырма паказамі дзіцячага спектакля «Залатая рыбка».

Ён быў летась пастаўлены Андрэем Шыдлоўскім па вершаванай п’есе Алесі Емяльянавай, што была напісана паводле пушкінскай «Казкі пра рыбака і рыбку». Сцэнаграфія і касцюмы Аляксандра Кручковіча — выдатнае траплянне ў яблычак, бо іх яркасць, шматкаляровасць блізкія дзецям ды спалучаюцца з «падвойным дном» для дарослых. Перайначаны сюжэт мае і візуальныя нечаканасці (новыя ночвы аказваюцца пральнай машынай маркі Коrыto), і аптымістычны фінал. Так, героі вяртаюцца ў пачатковую зямлянку, але рыбка змяніла настрой капрызнай, сквапнай Старой — і яны са Старым жывуць у любові і згодзе. Расквечвае спектакль і прыём тэатра ў тэатры: казку распавядаюць Фама (Дзмітрый Попчанка) ды Забава (Марыя Хадзякова), якія знаходзяць у зале «глядачку» (а насамрэч сваю каляжанку — артыстку Віталію Цішкову) на ролю маладжавай «старой» Маланні і цягам дзеі пераўвасабляюцца ў астатніх персанажаў. Ва ўсіх, апрача рыбкі, вырашанай праз сродкі тэатра лялек.

Як бачым, усе спектаклі — вельмі розныя. Але яднае іх нябачны знак якасці, хай і рознай эстэтычна- стылёвай пробы. А яшчэ — неверагодная аддача, што ідзе ад акцёраў. У гэта цяжка паверыць, але двое з іх за два гастрольныя дні, напоўненыя пастаяннымі пераездамі, адыгралі цэнтральныя ролі ў пяці (!) спектаклях. Я патрапіла на заключную «…Рыбку» — і тая была папраўдзе бліскуча залатой. Энергетыка артыстаў ажно зашкальвала, бы на прэм’еры. Прыгадалася, як летась гамяльчане прывозілі ў ТЮГ «Лятучы карабель», пастаўлены ўсё тым жа Шыдлоўскім ажно ў 2017-м. Было тое ж адчуванне — прэм’ернага запалу, свежасці, натхнёнасці. Ці ж гэта не паказальнік?

28 января 2025
Источник: Мастацтва № 11/2024 (500)
Автор: Надзея Бунцэвiч