Сустракаецца славянства

Гомель прыняў адкрыты рэгіянальны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. За пяць дзён — 10 спектакляў з Беларусі і Расіі, а таксама прафесійныя абмеркаванні ды іншыя імпрэзы.

Гэты форум — сярод найстарэйшых у Беларусі, праводзіцца аж з 1989 года, прычым адначасова ў краінах-суседках. І спрадвеку называўся міжнародным, як і ў Расіі. Сёлетняе яго больш сціплае азначэнне павінна было падкрэсліць, пэўна, што прадстаўленыя калектывы — не сталічныя, а рэгіянальныя. Выйшла ж, быццам увесь фестываль “местачковы”, і некаторыя знаныя расійскія тэатры нават адмовіліся ў ім удзельнічаць. Дарма! Бо ўсе спектаклі, уключаныя ў праграму пасля строгага адбору, у 2026-м аўтаматычна атрымлівалі дыплом лаўрэата — з дакладнай фармулёўкай, за што менавіта. Некаторыя такія вылучэнні найлепшых рыс пастановак былі не толькі афіцыйнымі, напісанымі на паперы, але і вобразнымі, маляўнічымі, гучалі пры ўручэнні ўзнагарод мастацкім кіраўніком Гомельскага абласнога драмтэатра Сяргеем Лагуценкам: “за беларускую беларускасць”, “за яднанне тэатра з народам”. Як заўжды, не меншай арыгінальнасцю адрозніваліся прызы “з часцінкай прафесіі”. У мінулыя гады гэта былі мяшэчкі з зернем, слоікі з атмасферай. Сёлета —прыгожыя збаночкі з соллю. Вельмі сімвалічна!

ГОСЦІ…

Згодна з назвай фестывалю, у цэнтры аказалася беларуская і расійская драматургія. Выключэннем стаў хіба Шэкспір, але перайначаны рэжысёрам і аўтарам інсцэніроўкі Аляксеем Уцяганавым. Бо “Страшныя казкі” Гатчынскага ТЮГа складаліся з парадыйна вырашаных фрагментаў пяці самых вядомых трагедый (“Макбет”,“Гамлет”, “Кароль Лір”, “Рамэа і Джульета”, “Атэла”). Спектакль меў узроставы цэнз 12+. Пастаноўшчыка вельмі ўсцешыла, што ў антракце школьнікі заўзята “гуглілі”, як памерла Афелія: маўляў, цяпер яны абавязкова прачытаюць тыя п’есы.

“Лес”, які ў свой час паказваўся Бранскім тэатрам драмы ў Мінску, на адкрыцці фестывалю падарыў яшчэ больш энергетыкі і запалу. Выканаўцы роляў вандроўных артыстаў Шчасліўцава (Віктар Канавалаў) і Нешчасліўцава (Аляксей Дзегцяроў)уразілі добрай імправізацыйнай манерай. Аўвесь спектакль — тонка падабранымі музычнымі цытатамі, якія надавалі п’есе Астроўскага лёгкі постмадэрнісцкі ўхіл.

Форум падкрэсліў творчыя сувязі між расійскімі і нашымі калектывамі. Са Смаленска прыехаў “Старэйшы сын” — сцэнографам выступіў наш мастак Юрый Саламонаў. А заслужаная артыстка Паўднёвай Асеціі Марыя Парошына, якая разам з дачкой Палінай Куцэнка праводзіла сустрэчу-дыялог “3 чыстага ліста”, шмат распавядала пра свайго дзядулю Пятра Філіпава і яго другую жонку Людмілу Сторажаву — колішніх зорак Гомельскага драмтэатра.
Фінальны паказ “Піковай дамы” з Кірава ўвогуле стаў часткай гастрольнага тура гэтага спектакля па фестывальных гарадах: 22мая— Бранск, 24-га — Гомель , 28-га — Смаленск.

 

…I МЫ

Прэзентаваныя на форуме беларускія ўдзельнікі былі на вышыні. Руская класіка ў нашым прачытанні займела яркую сучасную афарбоўку. “Русалка” Пушкіна, пастаўленая ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры Таццянай Самбук, вылучалася чорна-белай палітрай, цікавымі візуальнымі рашэннямі дэкарацый, касцюмаў, афішы, праграмкі.

“Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага ад Рамана Габрыя і гаспадароў фестывалю сабрала гледачоў наўпрост на сцэне Гомельскага абласнога — і тым самым ператварыла іх у жывых сведак падзей, перанесеных у 1990-я. Спектакль атрымаўся пра раскаянне, сусветны боль, чалавечнасць. I вымусіў пашкадаваць, што на гомельскім свяце адмянілі конкурс. Бо гэта быў бы аднагалосны гран-пры. Невыпадкова на паралельных Славянскіх тэатральных сустрэчах” у Бранску “Злачынства і пакаранне” ўганаравалі адразу пяццю прызамі!

Прыемна, што нашы тэатры звярнуліся і да нацыянальнай тэмы. “Ладдзя роспачы” з Мазыра, прадстаўленая актрысай і рэжысёрам гэтай трупы Святланай Джаліевай, будавалася на рэзкіх кантрастах — не толькі жыццялюбства Гервасія Вылівахі (Анатоль Бычкоўскі) і Смерці (Валянціна Рослікава), але і ўзнёсла-духоўнага, прыземлена-д’ябальскага пачаткаў, вырашаных масавымі сцэнамі. Сэнсавым цэнтрам стала не проста перамога героя над змрочнымі сіламі пекла, а надзвычай актуальны сёння сіндром адкладзенага жыцця, слушная думка пра тое, што ўсё трэба рабіць “сёння і зараз”, не адсоўваючы на больш спрыяльны час выхадных, адпачынку, пенсіі…

“Ядвіга”, пастаўленая ў Бабруйску ў 2025-м сёлетняй выпускніцай нашай Акадэміі мастацтваў Ганнай Мацюшковай, прадэманстравала яркі творчы погляд на аднайменную п’есу Аляксея Дударава, што калісьці ўвасаблялася ў Купалаўскім тэатры легендарным Барысам Луцэнкам. Разыначкі цяперашняй версіі — з’яўленне бязмоўнай постаці міфічнай Любаславы (Аліса Юшкевіч) і некаторыя змены фіналу, што зрабілі Ядвігу (Віталіна Лебедзева, падобная да выбітнай прымы-балерыны Людмілы Бржазоўскай у маладосці) яшчэ больш моцнай духам, прыцягальна мужнай, здольнай ахвяраваць жыццём дзеля каханага.

Павесяліла, узрушыла публіку інтэрактывам камедыя “Чорт і Баба” з Гродна ў пастаноўцы актрысы Аксаны Машынковай, якая выконвае цэнтральную ролю, і дырэктара абласногадрамтэатра Вольгі Багдановіч. Гомельская ж казка “Пра Вожыка і Медзведзяня, ці Як злавіць воблака” паводле зборніка маскоўскага пісьменніка Сяргея Казлова аказалася адзіным лялечным спектаклем для дзяцей, але ўразіла і запрошаных на форум маладых расійскіх экспертаў.

 

Сімвалічна: гомельскія 16-я “Славянскія тэатральныя сустрэчы” завяршыліся ў той жа час, што і аднайменны 27-ы міжнародны фестываль у Бранску. Чарговае пацвярджэнне сяброўства Беларусі і Расіі!

5 июня 2026 г.
Источник: Культура і Мастацтва
Автор текста: Надежда Бунцевич
Фото: Владимир Ступинский, Гомельский облдрамтеатр