У пошуках бясконцасці

Гомельскі абласны драматычны тэатр пачынае 88-ы сезон 17 верасня.

Спалучэнне дзвюх васьмёрак — падвоены знак бясконцасці. Сведчыць пра гэта і прымеркаваная да Дня народнага адзінства прэм’ера — «Вечар» Аляксея Дударава ў пастаноўцы Валерыя Анісенкі. П’еса пра трох старых, што жывуць у закінутай вёсцы, стала нацыянальнай класікай, шырока прызнанаю ў замежжы. Яна вымушае задумацца пра духоўныя каштоўнасці, сэнс чалавечага жыцця на парозе вечнасці. А завяршаўся сезон супрацьлегласцю — паказамі эскізаў, здзейсненых у час лабараторыі маладых рэжысёраў, дзе тэмай была аб’яўлена камедыя любых форм.

«Вечар» (репетыцыя)

Тая летняя вечарына невыпадкова называлася «Тэатральны цуд». Па-першае, знаёмства з творчымі працамі моладзі — бы крок у буду чыню, у невядомае. Няўжо не цуд? Па-другое, адзін з эскізаў быў зроблены па п’есе Марыса Метэрлінка «Цуд святога Антонія». Ды не проста адзін з трох, а менавіта той, які й перамог! Нарэшце, сапраўдным цудам стала тое, як гомельская публіка пачала адгукацца на эксперыменты.

Справа ў тым, што эскізы, падрыхтаваныя цягам падобных лабараторый, звычайна дэ манструюцца толькі аднойчы, незалежна ад рэжыму паказу — пры замкнутых дзвярах, з запрашэннем вузкага кола знаўцаў і аматараў ці на шырокую публіку. Гэтым разам вынікі падводзілі таксама ў фінале праекта. Але той, першы паказ набыў такі розгалас, што яго праз час паўтарылі — на закрыццё сезона. Праўда, з трох эскізаў пакінулі два, каб зручней было паказваць на адной сцэне, не вымушаючы гледачоў сыходзіць на занадта працяглыя антракты.

Праект ажыццяўляў Саюз тэатральных дзея чаў Расіі, пры якім існуе Цэнтр падтрымкі рускага тэатра ў замежжы. На працягу няпоўнага тыдня трое расійскіх рэжысёраў рабілі пастаноўкі, што ў будучыні пры добрых абставінах маглі б пераўтварыцца ў паўнавартасныя спектаклі. Прычым некаторыя артысты Гомельскага драматычнага ўдзельнічалі адразу ў некалькіх эскізах. Калі толькі рэпеціраваць паспявалі?

Марыя Міснік з Санкт Пецярбурга звярнулася да хрэстаматыйна вядомай п’есы Антона Чэхава «Тры сястры». Але атрымалася не проста чарговая пастаноўчая версія са скарочаным ці перайначаным драматургічным матэрыялам, а цалкам новае постмадэрнісцкае прачытанне на сучасны лад. У аснову была пакладзена нават не ўласна п’еса, а інсцэніроўка, зробленая тэатразнаўцам, крытыкам Яўгеніяй Ульман і самой Марыяй Міснік. Чэхаўскага тэксту амаль не засталося, змяніўся час дзеяння, расстаноўка акцэнтаў і нават герояў.

«Тры сястры»

У цэнтры нечакана апынулася сярэдняя сястра — Маша, жонка настаўніка гімназіі, закаха ная ў падпалкоўніка Вяршыніна, у якога таксама ёсць сям’я, жонка і дзеці. Не старэйшая Вольга (Таццяна Ганчарова), а менавіта Маша (Віталія Цішкова), седзячы на бардовай канапцы ў цэнтры, сочыць, каб усе сёстры закідвалі нага на нагу аднолькава. Менавіта з Машы і яе дыялогаў з Вяршыніным (Міхаіл Грышачкін) пачынаецца дзея — дакладней, уверцюра да яе. Адразу падкрэсліваюцца супярэчнасці. Гераіня гаворыць, што чалавек павінен быць мяккім, а сама крычыць. Вяршыніна раздражняе палітыка па тэлевізары, маўляў, чалавек знаходзіцца ў пекле, а павінен быць шлях да Бога.

Каларытна абмаляваны муж Машы — Кулыгін (Сяргей Лагуценка), які чапляе сабе і жонцы наклейкі на адзенне, бы медалі. За малодшай сястрой Ірынай (Марыя Хадзякова) нязменна ходзяць, бы тыя ахоўнікі, Тузенбах (Дзмітрый Цясляк) і Салёны (Сяргей Юрэвіч). Складаныя ўзаемаадносіны ў гэтым трохкутніку паказаны найперш пластыкай, а не словамі. Цалкам зніклі не толькі астатнія вайскоўцы, але і брат Андрэй разам са сваёй нявестай, а потым жонкай Наталляй.

Калі ў п’есе своеасаблівым лейтматывам была фраза «У Маскву!», дык у цяперашнім эскізе сёстры, заўважыўшы Вяршыніна, паўтараюць, што ён «з Масквы». Чэхаўскі дэвіз «Трэба праца ваць!» атрымлівае працяг — «Ці хаця б марыць».

Па задуме рэжысёра, гледачы павінны сядзець не ў зале, а наўпрост на сцэне, паўколам. Але жадаючых было так многа, што іх давялося рассаджваць яшчэ і на балконе. Сапраўды, ці ж не цуд?

«Лысая спявачка» Эжэна Іанэска, напісаная ў 1948-м, сёння ўжо стала класікай тэатра абсурду. На савецкай сцэне яна з’явілася толькі ў канцы 1980-х, на беларускай — у 1996-м. Увасаблялася і як трагедыя сусветнага маштабу, калі «распалася сувязь часоў», а з ёй і чалавечае паразуменне, і як неверагодна смешная камедыя, дзе парадыраваліся вядомыя асобы. Цяперашняе эскізнае рашэнне, падрыхтаванае яшчэ адным маладым рэжысёрам з Санкт-Пецярбурга Філіпам Зарэцкім, атрымалася найперш камічна гуллівым. І адначасова з сур’ёзным філасофскім пасылам непасрэднага звароту да залы.

«Лысая спявачка»

Спадарыню Сміт увасаблялі адразу дзве актрысы ў аднолькавых сукенках і парыках — Таццяна Зміцюра і Наталля Голубева: то сінхронна, то па кантрасце адна да адной. Атрымалася гэткае раздваенне асобы ў параўнанні з амаль скульптурна механічным спадаром Смітам (Сяргей Юрэвіч).
Многія сцэны былі пераасэнсаваны. Узнік тэлевізар з трансляцыяй 1960 х рэальных курсаў па вывучэнні рускай мовы для амерыканцаў. А галоўнае — дадалося абрамленне ўсёй дзеі
глыбокімі па сэнсу маналогамі вядучага (Юрый Марціновіч, які пазней выйдзе Брандмаёрам) у стылі Яўгена Грышкаўца — пра музыку, мову, што «аддзяляе мінулае ад сучаснасці» і выступае як «спосаб спазнання сусвету».

Сімвалічнай становіцца гульня ў бадмінтон сужэнцаў Мартэнаў (зусім маладыя, яшчэ з піянерскімі гальштукамі Аляксей Муславец і Крысціна Шыпкова) — у прыцемках ззаду Смітаў, што вядуць размову. Бо ўсе дыялогі — так сама штосьці накшталт пінг понга з гульнёй слоў і сэнсаў. Тую ж ідэю вольнай гульні, якая не можа падпарадкоўвацца строгай логіцы, падтрымліваюць «мульцяшныя» галасы Мартэнаў, асабліва фальцэт спадара, што імітуе жаночы тэмбр. Непазнавальнай паўстала заўжды элегантная Наталія Задорына ў ролі нягеглай, смешна паўнаватай служкі Мэры, якая гаворыць амаль басам.

Высока ацаніўшы шматлікія рэжысёрскія прыдумкі Філіпа Зарэцкага і яго плённую работу з акцёрамі, кіраўніцтва тэатра вырашыла пра цягнуць з ім далейшае супрацоўніцтва. Але над іншым драматургічным матэрыялам. Бо ёсць сумневы, што тэатр абсурду будзе карыстацца вялікім глядацкім попытам: усё ж публіка, выхаваная пераважна на рэалізме, зможа прыйсці да падобных п’ес і іх увасаблення крыху пазней, не адразу.

А перамог, як згадвалася раней, «Цуд святога Антонія» Марыса Метэрлінка ў сцэнічнай версіі Сяргея Валікава з Масквы. Той увасобіў толькі першую дзею, але апладысменты не сціхалі і пасля паклонаў з фінальным закрываннем завесы. Гледачы прынялі эскіз настолькі ўзрушана і прыязна, што іншай думкі пра будучую паўнавартасную пастаноўку і быць не магло.

Такой рэакцыі шмат у чым паспрыяў прыём «тэатра ў тэатры». Яшчэ да пачатку сцэнічнай дзеі артысты ходзяць па зале, праціраюць ручкі спінкі крэслаў. Ды і на авансцэне перад завесай здзяйсняюцца не зусім зразумелыя рухі дзіўных пакуль персанажаў. Пад гукі этнічнага «шаманскага» барабана Ёсіф (Дзмітрый Цясляк) у абліччы аголенага па пояс ката ў чорнай масцы з проразямі для вачэй б’е кагосьці палкай — той са смешным крыкам падскоквае. А назіральнікі за гэтым працэсам, што сядзяць у зале, атрымліваюць сакавітыя чырвоныя яблыкі. Нарэшце, пасля прапановы «адключыць сродкі сувязі» ўзнікае фраза: «Усё, можам пачынаць. Завеса!» — і паралельна ідзе падлік гледачоў.

«Цуд святога Антонія»

П’еса мае жанравае азначэнне «сатырычная легенда ў дзвюх дзеях». Эскіз пацвердзіў і адкрытую сатыру, і прыкметы міфалагічнага падання, з кожным пераказам здольнага абрастаць дадатковымі дэталямі ці, наадварот, страчваць нейкія падрабязнасці. З’яўленне святога Антонія і яго далейшыя памкненні здзейсніць цуд адбыва юцца пад незвычайнае светлавое афармленне. Герой праходзіць праз рамку, якая запальваецца зверху. Ды і на ім самім запальваецца гірлянда лямпачак, падобная да патранташу. Дзмітрый Байкоў звычайна «спецыялізуецца» на героях-палюбоўніках ці камічных персанажах. Свайго Антонія ён іграе цалкам усур’ёз, але агучвае не натуральным голасам. Такое спалучэнне выгля дае смешным, асабліва побач з далейшымі часам надакучлівымі выказваннямі аднаго адзінага жадання — ажывіць нябожчыцу.

«Памерлая» Гартэнзія (Наталія Задорына) доўгі час знаходзіцца ў зале, незаўважна зліўшыся з публікай. І ў пэўны час спрытна ўзыходзіць на сцэну, каб заняць сваё месца ў труне, змешчанай вертыкальна. Так і стаіць там нерухома, пакуль святы, нарэшце, яе не ажывіць. А зрабіць гэта яму старанна перашкаджаюць сва які нябожчыцы. Бо калі тая раптам ачуняе, яны не атрымаюць спадчыны, на якую даўно маюць разрахункі. Усе выказваюцца супраць: Густаў (Сяргей Лагуценка) з Ахілам (Сяргей Юрэвіч), пакліканы на памінкі Абат (Гіоргі Чантурыя). Хіба служка Віргінія (Аляксандра Бычкова), якая болей за іншых мае патрэбу ў грошах на лячэнне сястры, пагаджаецца амаль адразу. Тым больш і з’яўленне святога Антонія адбываецца па яе слёзнай просьбе малітве. Пры ўсім гратэску ўвасаблення персанажаў, што часам даходзіць да буфанады, артысты добра перадаюць і хістанні настрояў, і ўпартасць аргументаў. Але зноў да памагае інтэрактыў — прамы зварот да глядзельнай залы: «Давайце запытаем у прыхаджан!»

Моманты здзяйснення цуду вырашаны праз адметную пластыку і, вядома, святло. Падол адзення Антонія распальваецца чырвоным, а сам ён вымаўляе знакавыя для ўсяго спектакля словы: «Я ўваскрашаю свабоду любові!» I пасля гэткага пафасу, даведзенага да мяжы абсурдызму, — паведамленне, маўляў, працяг будзе, працяг будзе…

«Цуд святога Антонія»

Як бачым, гэтая фраза аказалася прарочай: будзем чакаць паўнавартасны спектакль. І лабараторных эксперыментаў таксама! Хай гэты шлях у пошуках новых найменняў, імёнаў, стыляў кірункаў, прачытанняў здзяйсненняў будзе папраўдзе бясконцым. Не толькі ў тэатральным сезоне «дзвюх васьмёрак», але і заўжды.

30 сентября 2026 г.
Источник: журнал «Мастацтва» 9/2026
Автор текста: Надежда Бунцевич
Фото: Владимир Ступинский