ПРА ПЕРАМОГУ НА РОЗНЫЯ ЛАДЫ
15 мая Заслуженный коллектив Республики Беларусь Гомельский областной драматический театр примет участие во II Республиканском фестивале «Перамога» — на сцене НАТ им. Я. Купалы будет представлена недавняя премьера спектакля «Летят журавли» В. Розова в постановке Марии Гордиенко.Об этом и других спектаклях, которые будут представлены на фестивале — обзор Надежды Бунцевич в газете «Культура».
Рэспубліканскі фестываль спектакляў ваенна-патрыятычнай тэматыкі “Перамога” распачнецца 13 мая ўсталіцы.У праграме 11 пастановак, створаных у тэатрах Мінска, Бабруйска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Мазыра, Слоніма.
Упершыню фестываль “Перамога” прайшоў у мінулым годзе. Сталічныя спектаклі паказваліся на родных пляцоўках, а прывазныя — у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, як і сёлета. Большасць цяперашніх пастановак — прэм’еры, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але над некаторымі спектаклямі і творчымі праектамі трупы яшчэ працуюць — першыя паказы адбудуцца ў чэрвені, да гадавіны пачатку аперацыі “Баграціён”, і ў ліпені, да Дня Незалежнасці. Затое ў святочную афішу трапілі ранейшыя пастаноўкі, якія не дэманстраваліся летась.
Драматычны тэатр Беларускай арміі ў юбілейны 20-ы сезон аднавіў “Радавых” па п’есе Аляксея Дударава. Спектакль быў у рэпертуары з 2008 года. Паказы зладзяць 10 мая і — у рамках фестывалю “Перамога” — 15-га. Дарэчы, у той жа вечар нас чакаюць яшчэ дзве пастаноўкі: на камернай сцэне купалаўцаў — “Незагойная рана” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з Віцебска, а на асноўнай — “Ляцяць жураўлі”, прэм’ера Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.
Адкрываецца фестываль таксама двума спектаклямі. Купалаўскі тэатр прадставіць “А зоры тут ціхія”, упершыню прадэманстраваныя перад Новым годам, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага — “Горкі хлеб”. Мастацкі кіраўнік Сяргей Кавальчык яшчэ ў 2005-м убачыў дакументальны серыял, падрыхтаваны сцэнарыстам Галінай Злабенка, і цяпер замовіў у яе п’есу паводле тых успамінаў пра жыццё ў акупацыі і зверствы фашыстаў. Аўтар адгукнулася і нават прыходзіла на рэпетыцыі, каб артысткі больш дакладна ўвасобілі гераінь, чыё дзяцінства прыпала на ваеннае ліхалецце і чыіх чалавечнасці, спагады, веры ва ўсё найлепшае не знішчылі нягоды.
П’еса і, адпаведна, пастаноўка складаюцца з трох навел. Усе гісторыі — розныя, сюжэтна не звязаныя. Але ў спектаклі яны сышліся ў адзінае стылявое цэлае — не толькі дзякуючы постаці журналіста (Васіль Грачухін ці Руслан Чарнецкі), які слухае зробленыя аўдыязапісы, і суразмоўцы быццам ажываюць перад яго вачыма, ды і сам ён пераўвасабляецца ў персанажаў-мужчын. Еднасць дасягаецца таксама дзякуючы белым сцэнічным строям, пазбаўленым побытавых дэталей, аднолькавым тэатральным прыёмам, дзякуючы таму, што спектакль кампазіцыйна набліжаецца да трохчасткавага санатна-сімфанічнага цыкла. Першая навела адразу акрэслівае бакі канфлікту, якія не могуць прымірыцца: дзеці — і вайна. Другі аповед, відавочна, адсылае да чэхаўскіх “Трох сёстраў”, прычым такая магчымасць была заяўлена ўжо ў першай навеле, у якой маленькая сястрычка мелася на ўвазе, ды не паказвалася. Нарэшце, трэцяя навела ў адпаведнасці з класічным раскладам уяўляе сабой калі не цалкам радасны, святочны фінал, дык яго перспектыву, бо ўспаміны заканчваюцца Перамогай і толькі ў гэтай гісторыі дочкі дачакаліся бацьку.
Повязь навел, заснаваных на дакументальным матэрыяле, узрастае да антычнай трагедыі. Пра гэта сведчыць і паралель з Антыгонай (нягледзячы на забарону, людзі скралі цела закатаванай партызанкі і пахавалі яе), і пластычныя сцэны, у якіх дзявочыя постаці нагадваюпь скульптуры Антычнасці, і касцюмы, падобныя да хітонаў, што асацыіруюцца з увасабленнем духаў, душы ў сучасным мастацтве — і адначасова са старадаўнім беларускім адзеннем, са сподняй бялізнай, нават з растрапанымі вясельнымі сукенкамі — сведчаннем адчаю з-за свята, што стала трагедыяй.
Дакументальнасць і шчырасць гісторый падкрэслена простым, побытава-“кіношным” маўленнем артыстак, якія свядома пазбягаюць пафасу. Разам з тым спектакль ні ў якім разе не імітуе дакументальны запіс, бо расквечваецца самымі разнастайнымі тэатральнымі перабіўкамі: пластычнымі, светлавымі, гукавымі. У прыватнасці, трывожны, дысанансны крык птушак выкарыстоўваецца зусім не дзеля птушачкі, а набывае ролю сімвала. Аўтары канчаткова “расшыфроўваюць” яго толькі ў фінале, калі згадваюцца чаплі, што ляцяць на радзіму, і пырскі вады ператвараюцца ў салют — у гонар уласна Перамогі і ўсяго мірнага жыцця. Такое спалучэнне дакументальнасці з мастацкай сімволікай — адзін з перспектыўных кірункаў сучаснага тэатра.
Спектакль “Ляцяць жураўлі” ўвасабляла ў Гомелі Марыя Гардзіенка — студэнтка Сяргея Кавальчыка, якая сёлета заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У аснову пакладзена п’еса Віктара Розава “Вечна жывыя”. А назва зменена, як і ў знакамітай кінастужкі 1957 года, знятай паводле п’есы 1943-га. У спектаклі шмат скарачэнняў, што тычацца другасных персанажаў, чалавечых лёсаў, дадатковых сюжэтных ліній. Замест рэзкага супрацьпастаўлення героікі, лірыкі і жорсткай сатыры на прыстасаванцаў у эвакуацыі — стрыманае, спакойнае, аб’ектыўнае адлюстраванне тагачаснай рэчаіснасці. У цэнтры апынаецца праблема маральнага выбару — і глядач вольны зрабіць яго самастойна. Невыпадкова персанажы не падзяляюцца на цалкам ідэальных і жудасна адмоўных. У кожнага — свая праўда, рэальная ці ўяўная. Такі падыход вымушае публіку задумацца. Штуршком да гэтага выступае ўжо пралог: сцэна круціцца, перад намі праплываюць героі — кожны з найбольш значнай фразай, што адлюстроўвае крэда ці становіцца паваротнай.
А вы ўжо абралі свой фестывальны спектакль? Вывучайце афішу, прыходзьце — задумацца будзе пра што.
10 мая 2024 г.
“Культура” №19 (1666)
Автор: Надзея Бунцэвiч